Мінэнерга пачынае грамадскае абмеркаванне экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС. Падрабязнасці ад «Гродзенскага зялёнага партала».

У Беларусі з 17 снежня 2018 г. па 15 студзеня 2019 г. будуць праводзіцца грамадскія абмеркаванні Экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай атамнай электрастанцыі, падрыхтаванай Дзяржаўнай навуковай установай «ОИЭЯИ-Сосны» супольна з зацікаўленымі дзяржорганамі і арганізацыямі, паведамляе сайт Sb.by.

Апавяшчэнне пра грамадскія абмеркаванні Экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай атамнай электрастанцыі і сам даклад размешчаныя на афіцыйным сайце Міністэрства энергетыкі ў падраздзеле «Грамадскія абмеркаванні» раздзела «Ядзерная энергетыка», а таксама на сайтах абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў.

Заўвагі і прапановы па Экалагічным дакладзе па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай АЭС можна скіраваць з 17.12.18 па 15.01.19 улучна ў Інфармацыйны цэнтр дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» у пісьмовай ці электроннай форме па адрасе: 231 201, г. Астравец, Гарадзенская вобласць, вул. Усходняя 18А; адрас эл. пошты

belaes@belaes.by, кант. тэл. (801 591) 7 79 74.

Апроч таго, у папяровым выглядзе Экалагічны даклад па СЭО можна прачытаць па наступных адрасах (туды можна таксама адпраўляць свае заўвагі і прапановы):

  • Інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС па адрасе: г. Астравец, Гродзенская вобласць, вул. Усходняя 18 А, 231 201. Кантактная асоба: Свірыд Эдуард Іванавіч, пасада — начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ДП «Беларуская АЭС», тэл. (8−1 591) 7−79−74, belaes@belaes.by.
  • Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, вул. Ажэшка 3, 230 023, г. Гродна;
  • Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, пр. Леніна 2, 246 050, г. Гомель;
  • Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, вул. Гогаля 6, 210 010, г. Віцебск;
  • Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, вул. Леніна 11, 224 006, г. Брэст;
  • Мінскі абласны выканаўчы камітэт, вул. Энгельса 4, 220 030, г. Мінск;
  • Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, вул. Першамайская 71, 212 030, г. Магілёў;
  • Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, вул. Савецкая 19, 220 030, г. Мінск;

Таксама можна падаць заяву і правесці сход грамадскасці, каб абмеркаваць экалагічны даклад. Для гэтага трэба ў тэрмін з 17 снежня па 29 снежня 2018 года адправіць заяву на адрасы інфармацыйнага цэнтра Беларускай АЭС або абласных адміністрацый.
Увага! Абвешчаны грамадскія абмеркаванні па Беларускай АЭС

Антыядзерная кампанія плануе запрасіць для ацэнкі экспертаў

Ідзе ўсяго трэці дзень з моманту з’яўлення справаздачы пра СЭО, і экспертныя ацэнкі яшчэ не гатовы. Па хуткім часе сваю пазіцыю па праблеме сфармулюе БАЯК — «Беларуская антыядзерная кампанія».

«Але я б сказала, што будзе пададзены незалежны пагляд на праблему адкідаў і прапанаваную стратэгію», — удакладняе Таццяна Новікава, каардынатар кампаніі і адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС (была праведзена ў 2010 годзе).

Увага! Абвешчаны грамадскія абмеркаванні па Беларускай АЭС
Таццяна Новікава. Фота — ecohome-ngo.by
Па яе словах, экспертыза ОВОС станцыі выявіла як безгрунтоўнасць ідэі, гэтак і дакумента. Яна не змяніла факт будавання станцыі. Але, нягледзячы на гэта, БАЯК будзе браць удзел у грамадскім абмеркаванні і плануе запрасіць экспертаў для ацэнкі даклада па СЭО:

«У выпадку крытыкі дакумента, які выстаўляецца на абмеркаванне, галоўнае — незалежны і кампетэнтны пагляд. І тады людзі змогуць зразумець, добры гэта дакумент, ці дрэнны, добрая гэта стратэгія — ці ж гэта не стратэгія зусім, а імітацыя, слушныя дадзеныя там прыведзены ці не. Ва ўмовах Беларусі гэта важна, бо тут дакументы распрацоўваюцца дзяржарганізацыямі з вялікімі памылками і часта ўводзяць у зман. Мы ўжо не кажам пра галіну атамнай энергетыкі, дзе збольшага ўсё закрыта, а тое, што было адкрыта — не вытрымвала ніякай крытыкі», — кажа яна.

У дачыненні будавання АЭС і спадарожных пытанняў пазіцыя БАЯК і арганізацый, што вядуць кампанію, не змяніліся, паводле слоў Таццяны Новікавай:

«Атамная галіна не патрэбна Беларусі, яна нясе ўсе новыя і новыя небяспечныя неспадзеўкі, у ёй велізарныя, непрымальныя для грамадства рызыкі, у тым ліку ад АЯТ — адкідаў ядзернай энергетыкі», — кажа яна.

«Станцыя павінна працаваць 60 гадоў, і не застанецца нікога з дырэкцыі»

Абмеркаванне даклада з падачай заўваг і прапаноў будзе на працягу месяца. Сустрэча з зацікаўленым бакамі можа прайсці ў выглядзе сходу, калі будзе заяўлена грамадзянамі органам улады ў кожным з пералічаных у аб’яве гарадоў: Астраўцы, Мінску, Гродна, Гомелі, Брэсце, Віцебску, Магілёве.

«Таму пакуль няма даты сустрэчы, але ахвотнікам трэба падаць заяву да 29 снежня», — тлумачыць Ірына Сухий, раднік АА «Экадом».

Увага! Абвешчаны грамадскія абмеркаванні па Беларускай АЭС

Што рабіць неабыякавым? У адказ Ірына коратка ўздыхнула і выдала нягучны маналог:

«Хм. Лепш бы яго (адпрацаванага паліва, ці АЯТ — рэд.) у нас не было. Бо пытанне пра перапрацоўку і захоўванне не вырашана нідзе ў свеце. Адзін з варыянтаў, наколькі я разумею, гэта часовае сховішча ў надзеі на тое, што з часам знойдзецца рашэнне. Тэхналогіі нашых унукаў так разаўюцца, што гэта перастане быць праблемай — выдатны падыход! Вельмі адказны.

Часовае сховішча лепш за любое пахаванне, бо там АЯТ можна трымаць пад кантролем. Невядома, якія працэсы маглі б адбыцца пры пахаванні. З іншага боку, што, калі нешта пойдзе не так? Рызыка забруджання даволі высокая.

Гэта вельмі класічны прыклад моманту, калі мы павінны падумаць і пакінуць чыстую зямлю будучым пакаленням. Сённяшняе пакаленне стварае праблему, якую развязваць не яму — станцыя па плане павінна працаваць 60 гадоў, і не застанецца нікога з сённяшняй дырэкцыі.

Абмеркаванне даклада пра СЭО — гэта вельмі ўхвальна, але ў прынцыпе большасць дзяржорганаў успрымае абмеркаванні як інфармаванне грамадзянаў».

Пакуль не запушчаны рэактар — праблема мае рашэнне. Пасля — не

«Мы будзем браць удзел у абмеркаванні і прыцягваць экспертаў, — кажа Анастасия Дарафеева, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя». — Але трэба адзначыць некалькі важных момантаў. Першы — нам прапануюць абмяркоўваць праект стратэгіі абыходжання з адкідамі ядзернага паліва. Але гэта не касуе, што сам праект будавання АЭС і рашэнне не абмяркоўваліся. Усе працэдуры, злучаныя з абмеркаваннем ОВОС станцыі, праходзілі з буйнымі парушэннямі.

Добра, што ідзе абмеркаванне наступстваў з грамадскасцю, але гэта не касуе таго, што не было магчымасці браць удзел у прыняцці рашэння пра будаванне АЭС.

Увага! Абвешчаны грамадскія абмеркаванні па Беларускай АЭС
Анастасія Дарафеева
І другое — у свеце існуюць толькі часовыя варыянты абыходжання з такімі адкідамі. Добрых і бяспечных рашэнняў няма ні ў каго, а адносна бяспечныя рашэнні - дарагія. Беларусь не зможа дазволіць сабе рашэнні, якія ўжывае Фінляндыя.

Абмеркаванне стратэгіі зусім не значыць, што будзе абраны максімальна бяспечны развязак".

І як сябе паводзіць пры ўсім гэтым умоўнаму кантэнт-менеджару ці прадаўцу сеткавай крамы?

«Калі б я ведала! Але трэба помніць: ядзернае паліва адносна бяспечнае да моманту, пакуль не запушчаны рэактар, гэта — кропка незвароту. Не запускаць рэактар было б добрым рашэннем, але кантэнт-менеджару застаецца хіба што пратэставаць.

Адзінае, што можна будзе рабіць пасля запуску — мінімізаваць шкоду",— кажа Анастасія Дарафеева.