«Ішоў 18 снежня, у мікрараёне Паўднёвы саджаюць дрэвы. Гэта нармальна?». З такім пытаннем у рэдакцыю Hrodna.life звярнулася чытачка Анастасія. Як аказалася, Гродназелянбуд актыўна практыкуе такія зімовыя пасадкі. Расказваем, чаму.
Пасадка дрэў зімой актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі, распавялі ў Зелянбудзе. Яна дазваляе значна павялічыць шанцы на прыжыванне саджанца.
У дадзены перыяд у раслін замаруджаны ўсе жыццёвыя працэсы, яны апускаюцца ў глыбокі сон. Таму дрэвы не пакутуюць ад асушэння і менш за ўсё схільныя да стрэсаў і траўміравання пры перасадцы.
Нягледзячы на плюсы, пасадка дрэў зімой павінна ажыццяўляцца паводле правіл.
«У зімовае надвор’е дрэвы ў нас саджаюць з вялікім камяком зямлі, каб нічога не пашкодзіць. Земляны ком зімой прамярзае, моцна і шчыльна ахопліваючы карані. Наша прадпрыемства актыўна практыкуе такія пасадкі. Яшчэ на гэты год у нас запланавана некалькі перасадак. Пакуль надвор’е дазваляе, мы будзем гэта рабіць», — дадалі ў Гродназелянбудзе.
У пачатку снежня дырэктар Гродназелянбуда Валерый Коўш распавёў, што на вуліцах да канца года высадзяць больш за 700 дрэў і 2000 кустоў.