Здаецца, дачакаліся … на нядзелю, 16 снежня, сіноптыкі аб’явілі ў краіне аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага снегападу, піша «Вячэрні Гродна».
У Белгідрамеце паведамляюць, што ў асноўным снегапады абрынуцца на захад краіны. Будзе інтэнсіўна ісці мокры снег, прагназуецца яго наліпанне, а на асобных участках дарог — снежныя заносы. Таксама на дарогах магчыма галалёдзіца. Вецер будзе ўсходні і паўднёва-ўсходні, днём парывамі да 15 метраў у секунду. Тэмпература паветра па краіне ноччу апусціцца да мінус 10 градусаў, днём пацяплее да -1 … -6 градусаў.
У МНС нагадваюць, што ў такое надвор’е істотна ўзрастае рызыка затрымкі палётаў, аўтамабільных аварый, зніжаецца бачнасць пры кіраванні транспартам, наліпанне мокрага снегу можа прывесці да пашкоджання дрэў, абрыву правадоў і адключэння электрычнасці. Таму па магчымасці ў нядзелю рэкамендуецца ўстрымацца ад паездак па горадзе на асабістым транспарце; машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража прыпаркуйце ўдалечыні ад дрэў; навучыце дзяцей, як дзейнічаць падчас непагадзі; знаходзячыся на вуліцы, абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам; сцеражыцеся абарваных правадоў ліній электраперадачы.