Першая рэгіянальная піцэрыя Papa John’s ў Беларусі павінна адкрыцца 19 снежня на вуліцы Белабародава, 2, у Віцебску. Услед за ёй на працягу двух тыдняў абяцаюць запусціць яшчэ тры кропкі - у Магілёве, Гомелі і Гродне. Да гэтага моманту пункты амерыканскага брэнда функцыянавалі толькі на тэрыторыі Мінска, піша Onliner.by.

Адрасы новых кропак ужо вядомыя. У Гродне піцэрыя адкрыецца на вуліцы Маркса, 24. Усе піцэрыі будуць працаваць у тым ліку і на дастаўку да 23:00. Аформіць дастаўку можна на сайце, у мабільным дадатку або па тэлефоне.

У кожным з новых рэстаранаў будуць рыхтаваць амаль 30 відаў піцы: ад фірмовай «Супер Тата» з трыма відамі мяса да класічнай «Пепероні». Да піцы прапануюцца два віды цеста — традыцыйнае і тонкае, магчымасць дадаць сырны борт або агароднінныя, мясныя інгрэдыенты, сабраўшы піцу на свой смак. З іншых страў прадстаўлены салаты, закускі, дэсерты і напоі. Абяцаецца, што першых наведвальнікаў будуць чакаць акцыі і зніжкі.

Першы рэстаран Papa John’s ў Беларусі адкрыўся ў красавіку 2015 года. За тры з паловай гады сетка вырасла да 11 піцэрый, усе яны сканцэнтраваныя ў сталіцы. Апошняя кропка сеткі адкрылася ў сярэдзіне мінулага месяца ў Лошыцы.

Вядомыя сусветныя сеткі грамадскага харчавання пачалі асвойваць рэгіянальныя рынкі Беларусі адносна нядаўна. Першы «Макдональдс» за межамі Мінска адкрыўся ў Віцебску толькі ў 2014 годзе. Першы рэгіянальны Burger King — у красавіку 2017-га ў Гродне. KFC пакуль ёсць толькі ў Мінску і Брэсце.