З 10 снежня ў Гродне стартавала навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Падчас яе кіраўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый наведаюць дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя інтэрнаты, апякунскія і прыёмныя сем'і.
«З сённяшняга дня па ўсёй краіне і ў нашым горадзе ў тым ліку стартуе акцыя, у рамках якой мы павіншуем кожнае дзіця, — распавядае начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сіманчык. — У першую чаргу будзе нададзена ўвага дзецям-сіротам і шматдзетным сем’ям. Не забудзем і пра дзяцей-інвалідаў, алімпіяднікаў і іншых. Будзем наведваць спецыяльныя ўстановы адукацыі, дамы сямейнага тыпу, бальніцы і іншыя ўстановы».
Стартуе акцыя «Нашы дзеці» ў Гродне вялікім святам у абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, куды запрошаны больш за сто юных гродзенцаў.