Праграму «Вянок» з песень Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча паказалі ў Гродне ўпершыню. Канцэрт прайшоў 30 снежня ў зале каледжа культуры і быў прысвечаны 10-годдзю працы Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Hrodna.life распытаў слухачоў імпрэзы чым іх зацікавіла падзея.
Уладзімір Пруднікаў распавёў, што многія з песень «Вянка» ёсць у яго штодзённым плэйлісце. «Вераніка» і «Пагоня» заўседы побач са мною, слухаю іх найчасцей у машыне". Даведаўшыся пра канцэрт у Гродне, ён прышоў, каб паслухаць іх у новым, сучасным выкананні.
«Мулявін і Багдановіч — нашы беларускія геніі, каторым не было наканавана сустрэцца пры жыцці, бо жылі яны ў розныя гістарычныя часы. Добра, што яны сышліся ў свеце творчасці».
«Люблю народную музыку. Мая лепшая сяброўка іграе на домры, а сын на гітары,» — распавяла Бажэна Ракус. Па працы жанчына не звязана непасрэдна з музыкай, але песні і вершы, што ўваходзяць у праграму, ведае. Самым чаканым для яе творам была песня «Слуцкія ткачыхі». На гэту музыку харэаграфічны гурт каледжа мастацтваў «Гарадзенскія карункі» ладзіў танцавальную пастаноўку. Пабачыць яшчэ адзін варыянт увасаблення знакамітага твора было вельмі цікава.
«Гэтыя творы — наша легенда і наш феномен. Шчасце, што ў нас ёсць такія песні. Яны навучаюць, як казаў Купала, «людзьмі звацца».
У праграме ўдзельнічалі экс-саліст гуртоў «Лявоны» і «Песняры» Ян Жэнчак, салісты групы «Спадчына» Вячаслаў Ісачанка (вакал), Андрэй Шчыткавец (бас-гітара) і Сяргей Шкурдзэ (ударныя), саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча, Андрэй Коласаў, вакальны гурт «Дыямант» у складзе Наталлі Шасцярэнь, Таццяны Лаўрэнцьевай і Уладзіслава Даніловіча.