Трансгранічны веласіпедны маршрут уздоўж Аўгустоўскага канала злучыць Беларусь і Польшчу. На нашым баку веламаршрут пройдзе ад пункта пропуску «Лясная-Рудаўка» да Гродна. Ён прамаркіраваны, абсталяваныя месцы адпачынку, піша «Гродзенская праўда».
Праект пашырае турыстычную геаграфію — злучыць маршрут «GREEN VELO», які праходзіць па Падляскаму ваяводству, з беларускай часткай Аўгустоўскага канала. Рэалізуецца ўпраўленнем спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і Саюзам сельскіх абшчын Падляскага ваяводства Рэспублікі Польшча.
Праект доўжыцца два гады. Рэалізацыя першага яго этапу завяршаецца ў канцы снежня. У гэтым годзе, акрамя абазначэння, маркіроўкі маршруту і арганізацыі на яго працягу трох пунктаў прыпынку, заканчваецца праца па фарміраванні інфармацыйных матэрыялаў і стварэнні турыстычных пашпартоў. Дарэчы, пашпарт турыста будзе сапраўднай фішкай: веласіпедысты будуць прастаўляць штампы ў яго на кожным шлюзе, збіраючы такім чынам гісторыю свайго падарожжа. Другі этап праекта прадугледжвае закупку ровараў, абсталяванне пунктаў для іх абслугоўвання і ўладкаванне турысцка-інфармацыйнага цэнтра. Паралельна работы будуць весціся і на польскім баку канала.
Як распавяла на семінары Таццяна Лідзяева, з пачатку дзеяння ўказа аб бязвізавым наведванні Гродна і ваколіц на Гродзеншчыне пабывалі больш за 80 тысяч бязвізавых турыстаў, большасць з якіх наведалі Гродна і Аўгустоўскі канал. Стварэнне веламаршрута «Аўгуст Вела» — гэта яшчэ адзін крок на шляху прыцягнення турыстаў, развіцця прадпрымальніцтва.