Навагодні забег цвярозасці - 2019 пройдзе ў Гродне 1 студзеня. Удзельнікі пераадолеюць дыстанцыю ў 4,3 км на сцежцы здароўя ў Пышках. Першы такі забег прайшоў у 2014 годзе і сабраў 60 удзельнікаў. Летась колькасць ахвотных пачаць Новы год цвяроза складала ўжо 260 чалавек. Забег цвярозасці-2019 дапоўніцца гіравым марафонам. Таксама арганізатары запрашаюць далучацца аматараў скандынаўскай хады.
Па словах святара Паўла Каспяровіча з сацыяльнага аддзела Гродзенскай епархіі, забег цвярозасці мае звярнуць увагу гараджан на праблему алкагалізацыі грамадства і прапанаваць альтэрнатыву таму, каб «напіцца і забыцца».
«Мы можам і павінны жыць цвярозымі. Ад нас залежыць, якімі будзем мы і наша краіна. Хочам запрасіць усіх ахвотных правесці першы дзень Новага году сярод радасных, натхнёных і цвярозых людзей».
Удзел у забегу цвярозасці не патрабуе адмысловай падрыхтоўкі. «Трэба проста жыць сваім жыццём і не ісці на паваду ў стэрэатыпаў», — мяркуе святар.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў навагодняга забегу ўжо адкрыта і будзе дзейнічаць да 31 снежня. На 28 лістапада ўжо зарэгістравалася 43 чалавекі. Таксама распрацоўваецца дызайн сувенірных медалёў. Іх атрымаюць усе ўдзельнікі, што пераадолеюць дыстанцыю сцежкі здароўя.