З 28 лістапада ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» пачалі працаваць снежныя гарматы. Пакуль яны працуюць па начах, але пры марозным надвор'і тэхніка ў поўную моц запрацуе і ў дзённы час.
Калі «Алімп» зможа прыняць першых наведвальнікаў, пакуль невядома. З 28 лістапада ў парку пачалі падрыхтоўку схілу для цюбінгаў. Пры спрыяльных умовах надвор’я ён можа пачаць працаваць ужо ў бліжэйшыя выходныя. Для функцыянавання ўсіх трас неабходна добрае снежнае пакрыццё і тэмпература не вышэй -4.
«Да выхадных хацелася б цюбінгавую трасу запусціць. Пачалі з яе, паколькі іншыя падрыхтаваць не паспяваем, а выходныя губляць не хочацца. Калі прагназуемае пацяпленне на наступным тыдні збудзецца, то астатнія схілы запусцім не раней сярэдзіны снежня, — распавёў дырэктар ЦСК «Нёман» Віктар Шумель.
Што новага?
Віктар Шумель таксама адзначыў, што ў парку ў мінулыя сезоны бракавала сноўбордаў. Гэтую праблему ў гэтым годзе паспрабуюць вырашыць. Дзесяць новых сноўбордаў парк ужо набыў. Таксама ў «Каробчыцкім Алімпе» ў снежні плануецца адкрыць для наведвальнікаў абноўленае міні-кафэ. З коштамі і часам працы парку ў новым сезоне вызначацца ў бліжэйшы час.
Нагадаем, у мінулым годзе з-за ўмоў надвор’я «Каробчыцкі Алімп» прыняў першых наведвальнікаў толькі 19 студзеня. У той дзень таўшчыня снежнага покрыва на схілах была каля 50 см.