За апошнія некалькі год “чорная пятніца” стала неад’емнай часткай жыцця ў Беларусі. Праўда, такіх натоўпаў як у ЗША і іншых заходніх краінах гэты дзень у нас не збірае. Журналіст Hrodna.life выбраўся ў два буйных гандлёвых цэнтра горада і прыйшоў да высновы, што чэргі ў гэты дзень не большыя за любую іншую пятніцу.
“Карона”: “Працуем як заўжды”
На рынку “Карона” на Горкага ніякага надзвычайнага ажыятажу не было. Шмат людзей можна было ўбачыць толькі ў “Пятым элеменце”.

Пасля гутаркі з прадпрымальнікамі высветлілася, што ніякай усеагульнай акцыі з нагоды “чорнай пятніцы” сёлета не праводзіцца. Таму і людзей, прынамсі каля 17.30, было не нашмат больш, чым у звычайны дзень. Знайсці вольнае месца на паркоўцы было не складаней, чым у звычайны дзень.

“Old City”: “Без натоўпаў і чэргаў”
У гандлёвым цэнтры “Old City”, які пакуль застаецца самым вялікім у горадзе, акцыі і распродажы былі амаль паўсюль. Каля 18.00 амаль уся паркоўка была занятая, але трошкі вольных месцаў яшчэ заставалася.

Зніжкі пачыналіся ад 5%. У некаторых крамах дзейнічалі акцыі кшталту “купі 3 атрымай 1 бясплатна” або “3 па цане 2”. Праўда, такія акцыі нярэдка праходзяць і без “чорных пятніц”. Можа, таму натоўпаў пакупнікоў з поўнымі рукамі пакупак на выхадзе бачна не было.

У “Kari”, напрыклад, “чорная пятніца” доўжыцца не адзін дзень, а ажно з 21 лістапада да 2 снежня. У краме абяцаюць зніжкі да 70 %.

LC Waikiki зладзіў аднадзённую акцыю “купі 3 атрымай 1 бясплатна”.
Аматараў тэхналогій прыцягнулі зніжкі на прадукцыю Xiaomi – да 30%.
А вось чэргі на касах “Еўраопта” ў канцы працоўнага тыдня – традыцыйная для “Old City” справа. Так крама выглядае ў любую пятніцу.
Найбольш людзей на квадратны метр было ў салоне МТС. Тут з 23 па 25 лістапада прапануюць зніжкі да 70%. У суседнім салоне Velcom пакупнікоў было нашмат менш.


Па-за гэтым гандлёвы цэнтр працаваў як звычайна: ніякіх чэргаў у прыбіральні, на ліфт і эскалатары. Прынамсі па стане на 18.00.
Даследаванні: беларусы адкладваюць грошы і бяруць крэдыты на “чорную пятніцу”
Яшчэ некалькі гадоў таму “Чорная пятніца” ў Беларусі не выклікала такога ажыятажу, як у ЗША ці Вялікабрытаніі. Але аналітыкі кампаніі Picodi правялі даследванне, якое паказвае, што і ў нашай краіне традыцыя “чорных пятніцу” паціху прыжываецца.
39% апытаных беларусаў прызналіся, што абавязкова сёлета прымуць удзел у распродажах. Сур’ёзнасць намераў пацвярджаюць і іншыя лічбы. На пытанне «Як вы рыхтуецеся да лістападаўскіх распродажаў» 61% адказалі, што загадзя адкладаюць грошы на такія выдаткі, а 15% збіраюцца скарыстацца крэдытам на куплю дарагіх тавараў.

Тэндэнцыя: зніжкі зменшыліся, продажы павялічыліся
Паводле дадзеных Picodi летась у параўнанні з 2016 годам у Беларусі зменшылась сума сярэдняй зніжкі: з 315 да 237 рублёў, паменшыўся і сярэдні чэк: з 369 да 294 рублёў. А вось рост продажаў у параўнанні са звычайным днём павялічыўся з 438% да 2279% у 2017.


