Са студзеня замежныя грамадзяне змогуць зарэгістравацца па месцы знаходжання ў Беларусі праз інтэрнэт і без выплаты пошліны, піша Citydog.by са спасылкай на «Рэспубліку».

У пачатку 2019 года замежнікам дазволяць бясплатна праходзіць працэдуру рэгістрацыі праз Адзіны партал электронных паслуг. У канцы года МУС абяцае павялічыць тэрмін знаходжання госця Беларусі без рэгістрацыі да 10 дзён замест сённяшніх пяці.

Навошта наогул гэтая рэгістрацыя?

— Рэгістрацыя існуе ў нас яшчэ з часоў СССР. Гэта элемент забеспячэння бяспекі грамадзян і краіны. Нам важна адсочваць міграцыйныя патокі і разумець, хто да нас едзе. На жаль, замежнікі здзяйсняюць і правапарушэнні, і злачынствы. Дарэчы, наша краіна не адзіная, дзе працэдура рэгістрацыі абавязковая. Ведаю, што існуе яна ў Чэхіі, Германіі і некаторых дзяржавах СНД, — пракаментаваў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Віталь Навумчык.

Каму цяпер трэба рабіць рэгістрацыю?

Грамадзяне Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Казахстана могуць знаходзіцца ў РБ без рэгістрацыі 30 дзён, Расіі - 90 дзён.

Госці з астатніх краін абавязаны зарэгістравацца па месцы знаходжання на працягу пяці сутак. Калі спыняюцца ў гасцініцы, санаторыі або аграсядзібе, то рэгіструюцца пры засяленні бясплатна. Калі замежнік здымае кватэру або жыве дома ў мясцовых сяброў, то павінен з’явіцца ў раённы аддзел па грамадзянстве і міграцыі і заплаціць за паслугу адну базавую велічыню.

Калі замежны грамадзянін жыве 5 дзён у Мінску, а потым пераязджае ў іншы горад яшчэ на 6 дзён, то абавязаны зарэгістравацца ў мясцовым АГІМам па новым месцы знаходжання. Прасцей тым, хто падарожнічае па краіне ў рамках тура: яны могуць рэгістравацца толькі па першым месцы знаходжання.