З 1 снежня на прадпрыемствы рэгіёну прыйдуць рэйдавыя групы з прафсаюзаў. Іх мэта — знайсці парушэнні тэмпературных умоў на працоўных месцах. А калі на ваша прадпрыемства такія рэйды не дабраліся, але вы замярзаеце, то можна патэлефанаваць на «гарачую лінію», піша «Вячэрні Гродна».

— Тэхінспектары працы ФПБ рэгулярна праводзяць маніторынгі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У халодную пару года асаблівая ўвага звяртаюць на захаванне тэмпературнага рэжыму ў вытворчых памяшканнях і цэхах, стан санітарна-бытавых памяшканняў і забеспячэнне работнікаў спецыяльнай вопраткай і абуткам, — паведамляе прэс-служба ФПБ.

У мінулым годзе такі маніторынг прайшоў на 4,7 тысячы прадпрыемстваў. Было выяўлена 1781 парушэнне тэмпературнага рэжыму, 895 наймальнікаў атрымалі рэкамендацыі па ліквідацыі. На некаторых прадпрыемствах работнікі не былі забяспечаны уцепленымі спецвопраткай і абуткам. Не ўсюды ў лакальныя дакументы ўнесены пункты пра дадатковыя перапынкі. Не абсталяваны не толькі месцы для абагрэву, але і для прыёму ежы, санітарна-бытавыя памяшканні, дадалі ў прафсаюзах.

Акрамя таго, калі вы сутыкнуліся з парушэннем норм і правілаў аховы працы, то можаце патэлефанаваць на «гарачую лінію» па тэл. (8−017) 203−90−48 (з 8.30 да 10.30 і з 15.30 да 17.30). Тэхнічныя інспектары працы гатовыя выехаць на месца і праверыць інфармацыю, якая паступіла на гарачую лінію.