Hrodna.life прагледзеў афішы гродзенскіх кінатэатраў, каб даведацца, што варта паглядзець на вялікім экране на гэтым тыдні.

«Ральф супраць інтэрнэта»

Галоўнай прэм’ерай другой паловы лістапада абяцае стаць мультбастар «Ральф супраць інтэрнэту» («Ralph Breaks the Internet»). Гэта працяг анімацыйнай гісторыі 2012 года, у якой герой олдскульнай камп’ютарнай гульні вырашае прыпыніць сваю «злачынную» працу і пускаецца ў прыгоды ў свет аркадных аўтаматаў 1980−90-х.

Першая частка падарыла сюжэт, здольны не толькі рассмяшыць, але і абудзіць настальгічныя ўспаміны. Мяркуючы па трэйлерах працягу, стваральнікі, адаслаўшы Ральфа ў сусветную павуціну, вырашылі ператварыць мультфільм у каталог адсылак да разнастайных папулярных назваў і брэндаў. Чакаецца кароткі экскурс у «Асновы карыстання інтэрнэтам» для дзяцей. Абы гэта не ператварыла мульцік у суцэльную надакучлівую рэкламу.

www.youtube.com/watch?reload=9&v=tXNXwMWB_j0

Дысней таксама вырашыў напоўніць «Ральфа» натоўпамі сваіх персанажаў. Галоўнай адметнасцю абяцае стаць з’яўленне на адным экране фактычна ўсіх дыснэеўскіх прынцэс з мінулых экранізацый. Успамінаецца адразу вясновая фантастыка «Першаму гульцу прыгатавацца», толькі тут для самых маленькіх.

«Жонка»

З 22 лістапада выходзіць драма «Жонка», дзе цяжка загадзя вызначыць галоўнага героя. Ім можа апынуцца састарэлы літаратар (Джонатан Прайс), які атрымлівае Нобелеўскую прэмію, або яго жонка (Глен Клоўз), якая прысвяціла сваё жыццё дасягненням мужа. Чакаецца сур’ёзнае сутыкненне невырашальных супярэчнасцяў, назапашаных за дзесяцігоддзі сумеснага жыцця.

www.youtube.com/watch?v=sdaXZ-MU6OM

Сур’ёзнае «канфліктнае» кіно мае быць разведзена выдатнай акцёрскай гульнёй, а іншы погляд на праблему ролі жанчын у грамадстве зноў закранае іх статус у сучасным кіно. Кінакрытыкі ад фільма ў ціхім захапленні.

«Саната» і «Школа»

Таксама ў бліжэйшы чацвер варта быць больш уважлівым аматарам трылераў і фільмаў жахаў. Адразу дзве навінкі гэтага жанру: «Саната» і «Школа». Першая — пра маладую скрыпачку, што сутыкнулася з бесаўшчынай у родным маёнтку, другая — пра маці, якая спрабуе выцягнуць свайго сына з іншага свету.

www.youtube.com/watch?v=Ne4ZnsdYMAY

Людзі, якія ўжо паглядзелі абодва фільма, не далі ім добрых ацэнак. Але жанр кінажахаў заўсёды быў далёкім ад аб’ектыўнасці. З двух зол найбольшую цікавасць выклікае «Саната», якая чапляе сваёй вытанчанасцю, багатымі дэкарацыямі і прыхільнасцю да класічных хорараў мінулага. «Школа» глядзіцца сырым варыянтам «Сайлент Хіла», дзе кікімары і вадзяныя з танным грымам не атрымаліся пераканаўча страшнымі. Але больш за ўсё палохаюць нізкія глядацкія ацэнкі гэтых жахаў. Яны быццам кажуць: «Паглядзі гэта лепш дома».

www.youtube.com/watch?v=hjGyC2Xi-TA