У кастрычніку ў Гродне стартаваў эксперымент для Беларусі —пазычнікам па квартплаце абвясцілі «камунальную амністыю». Дадзеная працэдура дазваляе скасаваць пеню для няплатнікаў. Хоць часам памер гэтай самай пені перавышае суму асноўнай пазыкі. У выніку гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся 63 чалавекі, перадае «Гродна Плюс».

Паводле дадзеных гродзенскага гарвыканкама, каля 5 тысяч сем’яў горада на гэты момант маюць запазычанасць па аплаце камунальных паслуг. Каб стымуляваць людзей да аплаты, 108 кватэр ужо адключаны ад электрычнасці і іншых выгод. Да самых злосных пазычнікаў з адсутнасцю шанцаў на сплату пазык камунальнікі прымаюць радыкальныя меры. Так, за 10 месяцаў сёлета пазбавілі гродзенскай прапіскі і высялілі са свайго жытла ў нікуды 54 жыхары. Гэта на 20 чалавек больш, чым летась.

Акцыю «Сустрэнем восень без пазык» абвясцілі 1 кастрычніка. З гэтага моманту ў камісіі для спісання пені звярнуліся 70 гарадзенцаў, 63 з іх змаглі важка аргументаваць прычыны, па якіх утварыліся пазыкі і атрымалі магчымасць спісання пені.

Для таго, каб скарыстацца такой магчымасцю, пазычнік павінны звярнуцца ў камісію пры адміністрацыі свайго раёна, а потым у Гродзенскі гарвыканкам. Камісія азнаёміцца з прычынамі назапашаных пазык і выслухае довады няплатніка. У тым выпадку, калі яны здадуцца чальцам камісіі пераканаўчымі, пеня будзе спісана.

У сярэднім сумы, якія павінны жыхары Гродна, не перавышаюць 500 рублёў. Аднак ёсць ў горадзе кватэры, за якія жыхары завінаваціліся і значна больш вялікія сумы. Прыкладам, нядаўна пеню спісалі сям'і, якая «недаплаціла» за кватэру 1800 рублёў. Дзякуючы «амністыі» і агульная сума запазычанасці па горадзе таксама змяншаецца.

Пазычнікам, якія жывуць у камерцыйным жытле, высяленне можа пагражаць ужо пасля 2 месяцаў пратэрміноўкі аплаты. Тым, хто жыве ў сацыяльным жытле, давядзецца вызваліць памяшканне і пераехаць у меншае па плошчы пасля паўгода запазычанасці. Што да ўласнікаў кватэр, то ўжо праз паўгода іх могуць праз суд абавязаць прадаць жытло і аплаціць камуналку.