За 8 дзён лістапада ў Гродна зафіксавалі тры выпадкі выяўлення фальшывых купюр. У кожным з іх да пацярпелых падыходзіў малады чалавек, які прасіў размяняць старублёвую купюру. Потым людзі высветлялі, што атрымалі падробку. Хлопец друкаваў грошы на хатнім прынтары. Цяпер падазраваны затрыманы, вядзецца следства.
3 лістапада падазраваны малады чалавек падышоў да ІП на рынку «Паўднёвы» і папрасіў размяніць старублёвую купюру. Кабета пагадзілася, перадала невядомаму грошы для размену, а той кінуў старублёўку і ўцёк. Хутка пацярпелая зразумела, што яе ашукалі. Пра выпадак яна паведаміла ў міліцыю.
Яшчэ праз два дні невядомы падышоў да тытунёвага кіёска і такім жа чынам размяняў сто рублёў. А 8 лістапада, падчас чарговага размену, ён выхапіў грошы ў прадавачкі, гэтым і выклікаў падозранні. Малады чалавек стаў уцякаць, кабета спрабавала яго дагнаць, але той схаваўся.
Падчас вышуку ў поле зроку праваахоўнікаў трапіў малады чалавек 1997 года нараджэння. Раней ён ужо меў праблемы з законам, цяпер нідзе не працуе.
Падчас затрымання ў падазраванага выявілі 6 купюр аднаго наміналу і з адным серыйным нумарам. Таксама па месцы знаходжання грамадзяніна знайшлі 6 аркушаў паперы фармату А4, на якіх былі надрукаваны выявы купюр наміналам 100 рублёў.
«Малады чалавек купіў прынтар на адным з сайтаў, з дапамогай якога і вырабіў падробку. Некаторы час яму спатрэбіўся, каб давесці якасць купюры да дасканаласці. Ужо пасля здзяйснення апошняга злачынства грамадзянін паспрабаваў схаваць доказ»,
— расказаў начальнік 1-га аддзела УБЭЗ КМ УУС Гродзенскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Сяргей Папок.
На дадзены момант падазраваны затрыманы, праводзяцца аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні.
[irp posts="84 334″ name="На «новых» беларускіх рублях выправяць памылкі — пакуль ляжалі на складзе, змяніліся правапіс і пейзажы"]
Што рабіць
Супрацоўнікі ўпраўлення па змаганні з эканамічнымі злачынствамі просяць грамадзянаў быць пільнымі пры ажыццяўленні аперацый з наяўнымі грашамі, улічваючы, што асноўная маса фальшывых купюр збываецца на рынках, у крамах, а таксама пры здзяйсненні незаконных угод з замежнай валютай. Правярайце беларускія банкноты на наяўнасць вадзяных знакаў і ахоўнай ніткі, не купляйце замежную валюту з рук і разлічвайцеся за тавар толькі беларускімі рублямі. У выпадку выяўлення фальшывак звяртайцеся ў міліцыю па тэлефоне 102.
За захоўванне, выраб і збыт фальшывых купюр прадугледжана адказнасць па артыкуле 221 КК Рэспублікі Беларусь «Выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер». Злачынства адносяць да катэгорыі цяжкіх і караюць за яго пазбаўленнем волі да сямі гадоў.