Двума новымі электрамабілямі беларускай зборкі папоўніўся аўтапарк сацыяльнай сферы Іўеўскага раёна, перадае БЕЛТА. Такі незвычайны падарунак зрабіў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ў гонар абласнога фэсту-кірмашу «Дажынкi».
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык уручыў ключы ад электрамабіляў прадстаўнікам цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іўеўскага раёна і Іўеўскага цэнтральнага раённага шпіталя.
Мінпрыроды адказвае за навядзенне парадку на зямлі, экалагічную бяспеку краіны. На сталым кантролі знаходзяцца і пытанні па зніжэнні выкідаў у атмасферу.
На рашэнне гэтай праблемы скіраваны дэманстрацыйны праект па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на прыкладзе Іўеўскага раёна, рэалізаваны ў рамках Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.
Машыны, падораныя ў Іўі - электрамабілі Zotye E200 і Z500EV, якія збіраюць пад Мінскам на заводзе «Юнісон». Раней ГПО «Беларуснафта» ўсталявала ў І ўеўскім раёне першую запраўку для электрамабіляў. Кіроўцы новых аўтамабіляў ужо прайшлі адмысловае навучанне.
Гэта першы ў краіне падобны праект. Ён скіраваны на выпрацаванне мадэлі, яе праверку і дэманстрацыю экалагічных і эканамічных пераваг электрычнага транспарта на прыкладзе сацыяльных службаў пэўнага адміністрацыйнага раёна краіны. Улады спадзяюцца ў выпадку паспяховай рэалізацыі праекта пашырыць яго межы на іншыя рэгіёны.