BBC прааналізаваў колькасць запрашэнняў, атрыманых беларусамі ад польскіх працадаўцаў, і выявілася, што колькасць беларусаў, якія з’язджаюць на заробкі ў Польшчу, з 2014 па 2017 год вырасла ў 14 разоў. У мінулым годзе на працу да суседзяў з’ехаў цэлы беларускі райцэнтр. У пошукавіках Google і «Яндэкс» запыты пра працу ў Польшчы апераджаюць традыцыйныя яшчэ нядаўна пошукі працы ў Расіі. Для гэткага рэзкага росту колькасці беларускіх працаўнікоў у Польшчы ёсць свае прычыны.

Беларусам есць, чаму шукаць лепшага жыцця: сярэдні заробак у краіне саступае суседскім (выключаючы Украіну). І калі ў Польшчы сярэдні заробак перавышае беларускі ўтрая, то ў Расіі — толькі ў паўтара разы.

Сярэдняя зарплата ў Беларусі і краінах-суседзях
у верасні 2018 года (у доларах ЗША):

Украіна — 327
Беларусь — 459
Расія — 646
Літва — 1089
Латвія — 1179
Польшча — 1275

Суседняя Літва з сярэднім заробкам у 927 еўра кліча беларускіх будаўнікоў, працаўнікоў сферы паслуг і лагістыкі. Зарплату ў 800 еўра прапанавалі даяркам, але, мяркуючы па водгуках у прэсе, прапанова не выклікала запалу ў беларускіх вясковак.
За мяжу выпраўляюцца зарабіць на жытло, навучанне дзяцей, аўто і іншыя патрэбы, што выходзяць за рамкі хлеба надзённага.Эксперты згаджаюцца ў падліках: на ежу і адзенне ў сваёй краіне беларусы выдаткоўваюць не менш, а часам і больш, чым у Расіі і Еўразвязе. Танней абыходзяцца толькі «камуналка» і грамадскі транспарт.

Літва, як паведаміў у інтэрв'ю беларускай газеце «Звязда» пасол Літвы ў Мінску Андрус Пулокас, з пачатку года да сярэдзіны верасня выдала беларусам шэсць тысяч віз, якія даюць права на працаўладкаванне.

Але колькасць людзей, якія з’язджаюць у Польшчу, куды больш: 58 тыс. запрашэнняў ад польскіх працадаўцаў у 2017 годзе. За тры гады, з 2014-га, колькасць запрашэнняў вырасла ў 14 разоў!

Чаму Польшчы патрэбныя беларускія працаўнікі

Спрошчаная сістэма часовага працаўладкавання для беларусаў у Польшчы дзейнічае ўжо дзесяцігоддзе, з той пары, як польскі парламент прыняў у верасні 2007 года закон пра карту паляка.

Такая карта дазваляе, сярод іншага, легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без атрымання адмысловага дазволу на працу і займацца ў Польшчы прадпрыемніцкай дзейнасцю на тых жа ўмовах, што і грамадзяне гэтай краіны.

Карту паляка, нягледзячы на крытыку беларускіх улад (мець такую карту афіцыйна забаронена, прыкладам, беларускім чыноўнікам), атрымалі больш за 100 тыс. грамадзянаў краіны.

Але толькі ў апошнія гады — з картай ці без яе — беларускія гастарбайтары масава рушылі ў Польшчу.

Прычына — даступнасць працоўных месцаў, якія раней займалі ўкраінцы.

Польшча ў свой час выдала 88% дазволаў на жыхарства ў ЕС украінскім грамадзянам, і два мільёны ўкраінцаў аселі ў Польшчы. Але цяпер украінцы актыўна рушылі далей на захад.

Іх перавабліваюць на працу ў Славакію і Чэхію, спрасціць працаўладкаванне можа і Германія, сцвярджае Кшыштаф Ингольт, дырэктар кампаніі Personnel Service, што займаецца працаўладкаваннем мігрантаў у Польшчы.

«Гэта вялікая пагроза для польскай эканомікі. Ужо цяпер нястача кадраў — 165 тыс. чалавек, а за найблізкія 2—3 месяцы яна можа вырасці да 500 тыс.», — паведаміў Кшыштаф Ингольт сайту texty.org.ua.