Выстава да 60-годдзя вядомага гродзенскага мастака-летапісца гісторыі горада адкрылася 15 лістапада ў выставачнай зале на Ажэшкі. Тут прадстаўлены працы Уладзіміра Качана за 40 гадоў творчай працы. Партрэты першых князёў і каралёў, галерыя губернатараў і ўніверсітэцкіх рэктараў, мастацкія сімвалы горада ў вітражах і калажах.
«У яго вельмі розная тэматыка, але кожная работа адрозніваецца філасофскай глыбіней. Ён адлюстроўвае свет праз глыбокія мастацкія вобразы, апелюе да міфічных і рэлігійных сюжэтаў. Ён уздымае культурныя коды і па новаму асэнсоўвае іх», — лічыць мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. — Мы глядзім і адчуваем, што гэты чалавек хвалюецца за тое, што адбудзецца на яго радзіме, у тым ліку ў горадзе Гродна".
Уладзімір Качан кажа, што пабачыць у адной прасторы вынікі працы — свята для мастака, магчымасць сустрэцца з даўнімі сябрамі і «развіртуаліцца» з новымі, з каторымі звялі стасункі ў сеціве. Людзі Гродна, меркаваннем Качана, заўжды былі вельмі прыгожымі. Гэта адна з нагодаў да яго партрэтных галерэй. А сам Гродна — найпершая крыніца натхнення майстра і першае адчуванне настальгіі.
«Усе мае зацікаўленасці, мая любоў, маё сэрца — тут. Усё пачыналася пасля Акадэміі мастацтваў, і я заўжды хацеў вярнуцца ў Гродна, працаваць у гэтых сценах, у яго прыўкраснай архітэктуры. Першае пачуццё настальгіі я адчуў, калі вучыўся і вяртаўся сюды. Ішоў ад вакзала пешшу па гэтых вуліцах. Таму што пакуль не насыцішся ізноў шармам і дыханнем гэтага горада, адчуваеш, што сілаў не стае».
Паўплывала на творчасць мастака і блізасць горада да Еўропы. Тутэйшыя мастакі аднымі з першых пачалі супрацу з замежнымі калегамі. «Здзіўляла, што нават у маленькіх еўрапейскіх гарадках было відаць, як памятаюць і шануюць гісторыю. Гэтага жахліва не хапала нашаму гораду. Тады і з’явіліся думкі аднавіць тое, чым мы былі багатыя і чым ганарыліся. Як мастак і як грамадзянін горада, адчуваў у гэтым сэнс жыцця».
Краязнаўца Алесь Госцеў распавёў, што ведае мастака ужо 58 гадоў. Некалі Алесь сябраваў з яго старэйшым братам і бачыў станаўленне мастака ад самага дзяцінства. Як гісторык, ён не можа недаацэньваць гістарычныя працы Качана:
«У гэтым сэнсе ён выключны. Гісторыя заўжды возьме сваё. Узгадваць будуць і добрае і дрэннае, але партрэты застануцца».
Сам Уладзімір Качан кажа, што на гістарычныя тэмы ўжо «дастаткова выгаварыўся». Зараз яго чакае новая старонка творчасці, арыентаваная больш на лічбавыя тэхналогіі. Меркаваннем мастака, яны даюць магчымасць спалучыць веды класічнага жывапісу і культуралогіі з новымі магчымасцямі рэалізацыі.
«Перад намі лічбавая эвалюцыя і ломка мазгоў. Захоплены гэтым. Тут можна развівацца бясконца. Лічба, лазер, дададзеная рэальнасць, 3D — гэта новыя магчымасці новага мастацкага космаса. Сучасны глядач ужо гатовы іх успрымаць».
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…