Уладзіслава Сераду прызналі вінаватым у тым, што ён зрабіў тры рэпосты з суполак, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі. 16 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна даў яму штраф у памеры 367,5 рублёў (15 базавых). Уладзіслаў будзе абскарджваць рашэнне.

Пратакол на Улада склалі 12 кастрычніка 2018 года. Там сцвярджаецца, што на сваёй старонцы хлопец з мая па чэрвень 2017 года размясціў інфармацыйныя матэрыялы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Гэта рэпосты з суполак «Революционное действие» і «PRAMEN.BY — шагайте к свободе вместе с нами». Матэрыялы расказвалі пра маскоўскія акцыі салідарнасці з затрыманымі анархістамі, першамайскія акцыі анархістаў у Беларусі і маршы недармаедаў. Пры гэтым забароны на некаторыя матэрыялы з’явіліся праз паўгода пасля рэпосту, а ўсе суполкі на той былі ў адкрытым доступе.

Хлопца асудзілі па ч.2 арт.17.11 КаАП — Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. За гэта прадугледжаны штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

Другі суд за рэпост у Гродне: хлопца аштрафавалі на 15 базавых за "экстрэмізм"
Уладзіслаў Серада ў зале суду
20-гадовы Уладзіслаў прызнае факт размяшчэння інфармацыі, але не прызнае віну. Ён не ведаў, што гэтыя матэрыялы забароненыя, бо яны былі ў адкрытым доступе. Не збіраўся Улад і распаўсюджваць экстрэмізм. Тэксты ён проста захоўваў для сябе і не заклікаў іншых чытаць іх. Пра тое, што гэтыя матэрыялы з’яўляюцца забароненымі, хлопец даведаўся, калі да яго прыйшоў супрацоўнік міліцыі.

З 5 мая 2016 года хлопец адбывае «хімію» за бойку. Рэпосты рабіў, знаходзячыся ў вёсцы Купліна Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Зараз адбывае пакаранне ў Гродне, працуе на «Радыёхвалі». 2 студзеня 2019 года хлопец павінен выйсці на свабоду.

Суполкі ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле рашэнняў Суда Цэнтральнага раёна Мінска адпаведна ад 29.09.2017, 10.11.2016 і 23.02.2018. Гэта значыць, на момант рэпосту двух запісаў інфармацыя ў іх не была прызнана экстрэмісцкай. Яшчэ цікавей з рашэннем ад 10.11.2016. У адпаведнасці з Законам аб СМІ Міністэрства інфармацыі ў трохмесячны тэрмін павінна ліквідаваць рэсурс. То бок, у лютым 2017 года рэсурсы павінны былі быць заблакаваныя. Але яны былі ў адкрытым доступе.


Папраўкі ў заканадаўства. За рэабілітацыю нацызму — пазбаўленне волі, за партрэт фюрэра — штраф


Матэрыялы насілі інфармацыйны, а не агітацыйны характар, кажа адвакат Андрэй Шчапяткоў. Шэраговы карыстальнік мог не зразумець, што дадзеная інфармацыя — экстрэміская. Ды і сам карыстальнік не павінен гэта вызначаць. А пра тое, каб інфармацыя да яго не дайшла, павінны паклапаціцца адпаведныя органы.

Другі суд за рэпост у Гродне: хлопца аштрафавалі на 15 базавых за "экстрэмізм"
Так зараз выглядаюць суполкі Укантакце, прызнаныя экстрэмісцкімі
— Напрыклад, матэрыял «У Мінску і другіх гарадах людзі пратэстуюць супраць закону аб дармаедстве». Сапраўды, людзі пратэставалі, нічога экстрэміскага тут няма. І па БТ, і па АНТ, і дзяржаўныя СМІ паказалі гэтыя маніфестацыі. Прабачце, наш прэзідэнт адмяніў гэты дэкрэт і сказаў, што ў тым выглядзе, у якім ён быў прапанаваны, ён не павінен існаваць, — кажа адвакат.

Ён лічыць, што віна Уладзіслава не даказаная, а яго дзеянні не ўтрымліваюць складу злачынства.

За экстрэмізм у лістападзе ўжо судзілі Аляксандра Дзянісава. 27 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе ён будзе абскарджваць рашэнне раённага суда — штраф 25 базавых велічыняў (613 рублёў і 50 капеек). Таксама за экстрэмізм будуць судзіць Аляксандра Горбача 20 лістапада ў Кастрычніцкім судзе Гродна.


Гродзенец, якога будуць судзіць за экстрэмізм і нацызм у сацсетках: «Я ў шоку»


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life