Гродзенская рэгіянальная мытня нагадвае, што перасоўванне фізічнымі асобамі праз мяжу хлапушак, бенгальскіх агнёў і іншай піратэхнікі забаронена, піша «Гродзенская праўда».

Да піратэхнічных вырабаў I, II, III класаў небяспекі адносяцца:

• фантаны халоднага агню («фантаны ў торт»), хлапушкі, бенгальскія агні; радыус небяспечнага дзеяння дадзеных вырабаў - парадку паўметра;
• наземныя феерверкі (фантаны, колы), петарды; радыус небяспечнага дзеяння — пяць метраў;
• піратэхнічныя ракеты і салютныя батарэі; радыус небяспечнай зоны — 20 метраў і больш.

Увозіць такі тавар на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь могуць індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы пры наяўнасці дазваленчых дакументаў, якія выдаюцца МНС.

У адпаведнасці з Мытным кодэксам ЕАЭС, фізічнай асобе будзе адмоўлена ў выпуску такога тавару, у дачыненні да якога не выкананыя забароны і абмежаванні (пп.2 ч.2 ст.262). За недэклараванне асоба будзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 14.5 КаАП Рэспублікі Беларусь у выглядзе штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.