Актывісты «Аб'яднанай грамадзянскай партыі» Міхаіл Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў выйшлі 7 лістапада ў цэнтр Гродна з плакатам «Долой самодержавие». На вуліцы Савецкай іх затрымала міліцыя і даставіла ў Ленінскі РАУС. Аднаго актывіста пакаралі штрафам, іншы трапіў у шпіталь.

Грамадскага актывіста Аляксандра Лаўрэнцьева 8 лістапада судзілі ў судзе Ленінскага раёну Гродна. Паводле арт. 23.34, ч. 3 КаАП суддзя Руслан Гурын пакараў грамадскага актывіста штрафам на 30 базавых велічынь, што складае ажно 735 рублёў, піша «Гарадзенская вясна».

Сведкамі ў судзе выступалі міліцыянты, якія затрымлівалі Лаўрэнцьева — Аляксандр Чаплюк і Аляксандр Вінаградаў. Яны засведчылі, што загад пра затрыманне Саляніка і Лаўрэнцьева аддаваў Аляксей Вайцешка, намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС. Грамадскі актывіст мае намер абскардзіць пастанову суда Ленінскага раёну ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік з ІЧУ, куды яго завезлі з Кастрычніцкага РАУСа, патрапіў у шпіталь.

— Я зайшоў у Кастрычніцкі РВУС Гародні даведацца пра тое, што будзе з сябрам маёй партыі Аляксандрам Лаўрэнцевым, з якім разам я праводзіў акцыю. Мяне запрасілі ў кабінет і там сталі складаць паперы ў ІЧУ, Я сказаў, што я сардэчнік і ў мяне другая група, але яны праігнаравалі гэты факт, хоць ведалі гэта і без мяне па ранейшых затрыманнях. У ІЧУ мяне сталі адмаўляцца прымаць па прычыне маёй хваробы. Узялі міліцэйскую машыну і павезлі па пасведчанне, якое засталося ў машыне пасля таго, як мяне забрала міліцыя. Паколькі я ужо 13 гадзін быў без ежы і вады, і доўга не прымаў лекаў, мне стала кепска. І ў ІЧУ мне выклікалі хуткую, — кажа Мікалай.

Мікалай Салянік зараз знаходзіцца ў шпіталі. Лекары канстатавалі ў яго гіпертанічны крыс. Актывіст збіраецца падаваць у суд на дзеянні міліцыянтаў, якія яго з другой групай тройчы затрымлівалі, трымалі без лекаў, ежы і вады, і адправілі ўрэшце ў ІЧУ.