У гімназіі № 6 Гродна рыхтуюцца да адкрыцця абноўленай кампазіцыі бюста Фелікса Дзяржынскага. Працы закранулі не толькі сам бронзавы бюст, але і будынак гімназіі - па задуме аўтараў фасад, калоны і помнік створаць адзіны скульптурны комплекс, піша grodnonews.by.

Абнаўляюць помнік па ініцыятыве гімназіі і пры падтрымцы адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна і ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці.

У гімназіі ў Гродне абнаўляюць помнік Феліксу Дзяржынскаму

Шостая гімназія ў Гродне з вядомым дзеячам Кастрычніцкай рэвалюцыі звязана як мінімум двума знакавымі фарматамі. Па-першае, адрас установы адукацыі - вуліца Дзяржынскага, 103/2, а па-другое, тут ля школьнага ганка ўжо 33 гады непарушна ўзвышаецца бюст Фелікса Дзяржынскага, адліты яшчэ ў 1985 годзе з бронзы. Ствараўся вобраз у майстэрні ў Мінску.

Ідэю стварэння скульптурнай кампазіцыі ініцыяваў дырэктар тады яшчэ не гімназіі, а сярэдняй школы № 25 Уладзімір Стрэльнікаў.

— Уладзімір Пятровіч асабіста замовіў тады помнік. Бюст з бронзы ўсталявалі ў двары школы, і ў 1985 годзе адбылося яго ўрачыстае адкрыццё, — успамінаюць сёння тую падзею ў гродзенскай гімназіі.

У гімназіі ў Гродне абнаўляюць помнік Феліксу Дзяржынскаму

Штогод падчас святочных лінеек, а таксама да дня нараджэння Дзяржынскага і да прафесійнага свята супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі да помніка ўскладаюць кветкі, праходзяць сустрэчы са школьнікамі.


[Гродзенцы, якія вучыліся там у 90-х і 00-х сцвярджаюць адваротнае. «Усё дзяцінства там вучылася, ніколі не клалі мы яму кветак. А палова школьнікаў увогуле думалі, што гэта Ленін. Ды і на бронзавага ён не падобны, бо помнік чорнага колеру», — расказала Hrodna.life адна з былых вучаніц школы]


— Гэта не проста скульптурная кампазіцыя. Гэта грунтоўная частка выхавання патрыятызму, гістарычных каранёў і грамадзянскай адказнасці ў вучняў. Мы зараз разглядаем ідэю стварэння асобнай экспазіцыі, прысвечанай дзейнасці Фелікса Дзяржынскага, у нашым школьным музеі, — адзначыла Таццяна Махнач, дырэктар гімназіі № 6 горада Гродна.

У гімназіі ў Гродне абнаўляюць помнік Феліксу Дзяржынскаму

Абноўлены помнік плануюць адкрыць ужо ў гэтым лістападзе.