У Гродне служба занятасці дала прадпрымальніцы субсідыю на бізнес у Instagram, піша газета «Перспектыва». Гандляваць праз сацыяльную сетку ды яшчэ і з падтрымкай дзяржавы — гучыць прывабна. Але насамрэч такіх субсідый пакуль не даюць. Былы маркетолаг Ганна Бенідзэ атрымала дзяржаўную беззваротную субсідыю на продаж і, калі справа пойдзе, вытворчасці арахісавай пасты.

— Я ацаніла рынак прадуктаў харчавання. Цяпер многія займаюцца ў трэнажорных залах і сочаць за фігурай, у людзей папулярна замяняць прысмакі арахісавай пастай, якая ў Беларусі апынулася ў дэфіцыце, — патлумачыла Ганна.

Зараз у Беларусі можна знайсці пасту кітайскай вытворчасці. Як патлумачыла Ганна Hrodna.life, склад там не ідэальны, таму прыхільнікі здаровага ладу жыцця ў бок гэтай пасты не глядзяць. Таксама пастай цікавяцца веганы, бо гэта каларыйны і карысны прадукт, які не ўтрымлівае жывёльных тлушчаў.

Instagram — вітрына, але прадаваць трэба афлайн

Instagram — гэта для Ганны вітрына, праз якую пра яе дзейнасць даведваюцца людзі. Хоць платформа зараз вельмі папулярная для камерцыйнай дзейнасці, у Беларусі адна з умоў атрымання дзяржаўнай субсідыі - наяўнасць фізічнага пункту продажу. Зараз Ганна якраз яго падбірае.

Субсідыю Ганна выдаткавала на куплю абсталявання, тэрміналу, вагаў, касавага апарата. Яна не шкадуе, што занялася сваёй справай.

— На наёмнай працы ўжо не было куды расці. Аб субсідыі распавялі знаёмыя. Даўно зарадзілася ідэя пачаць сваю справу, але без фінансавай падтрымкі было складана вырашыцца. У мяне ёсць план: калі справа пойдзе, стану вырабляць пасту.

Свой бізнес дае больш мабільнасці

Ганна родам з Расіі, у Гродне жыве ўжо 5 гадоў. Перад тым, як сысці ў свой бізнес, Ганна працавала маркетолагам у адной з гродзенскіх кропак грамадскага харчавання. Для вядзення сваёй справы гэта добры вопыт. Яна лічыць, што хоць уласны бізнес і патрабуе шмат часу, але вялікі плюс у тым, што можна самой яго планаваць, напрыклад, падладзіцца пад дзіцяці, мець больш мабільнасці.

Дзяўчына хоча адкрыць ў Гродне вытворчасць арахісавай пасты і ўжо атрымала субсідыю ад дзяржавы

Ганна любіць гатаваць, амаль кожны тыдзень праводзіць майстар-класы па прыгатаванні хачапуры ў гродзенскай кулінарнай студыі Foodzone. Да грузінскіх страў у Ганны асаблівая любоў, адтуль родам яе бацька.

Дзяўчына хоча адкрыць ў Гродне вытворчасць арахісавай пасты і ўжо атрымала субсідыю ад дзяржавы

Пакуль сваёй вытворчасці няма, Ганна замаўляе арахісавую пасту оптам у Набярэжных Чоўнах, фасуе і прадае тут. Акрамя звычайнай пасты ёсць паста з мёдам і з іншых арэхаў. Напрыклад, у сяброў вялікай папулярнасцю карыстаецца какосавая.

— Ідэя напэўна каля года таму пачала спець. Адна сяброўка займаецца пастай у Карагандзе, потым я з’ездзіла ў Львоў і там натыкнулася на пасту. Зразумела, што тут гэтага не хапае, — распавяла Hrodna.life Ганна.

Што патрэбна для субсідыі?

Па словах начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці Гродзенскага райвыканкама Нэлі Міцуры, якія прыводзіць «Перспектыва», у апошні час кандыдатаў на субсідаванне бізнесу стала больш. З асноўных патрабаванняў - статус беспрацоўнага і выразны бізнес-план.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life