Будаўнік з Гродна збіў малатком калегу праз тое, што атрымлівае меншую зарплату, чым той. Пра канфлікт расказвае T*T. by са спасылкай на прэс-службу УУС Гродзенскага облвыканкама.

31 кастрычніка, у сераду, чацвёра працоўных сабраліся ў будаўнічай бытоўцы, каб выпіць пасля працоўнага дня. Гутарка зайшла пра зарплаты, і высветлілася, што пры аднолькавым аб’ёме працы адзін працоўны атрымвае грошай менш, чым яго калега.

«Трэба адзначыць і тое, што ніхто з тых, хто быў у бытоўцы, не меў дачынення да бухгалтэрыі, а адпаведна, не мог паўплываць на зарплату і па сутнасці сварка развязалася на роўным месцы, на падставе банальнай зайздрасці», — расказалі ў міліцыі.

44-гадовы будаўнік узяў малаток і стукнуў па галаве, а потым двойчы па целе 59-гадовага калегу. Мужчыну давялося шпіталізаваць.

Распачата крымінальная справа.