Лідчане Алена Ціхановіч і Вадзім Бачараў адкрылі ў горадзе ўласную майстэрню шакаладу «Prime» і вырабляюць рамесны шакалад. Дваццаць два гатункі натуральнага горкага шакаладу без дабавак і кансервантаў - гэта толькі пачатак вялікага шляху, піша «Гродзенская праўда».

У майстэрні смачна пахне шакаладам. Ветлівыя гаспадары з ходу пачынаюць распавядаць пра тое, як усё пачалося. У Мінску сустрэліся два дарослыя крэатыўныя чалавекі - юрыст і настаўнік музыкі, каля пяці гадоў таму пераехалі ў Ліду (тут жыве сястра Алены — заўв. аўтара) і вырашылі заняцца бізнэсам.

Спачатку гандлявалі гароднінай, потым адкрылі ў цэнтры горада маленькую крамку «Вкусно и полезно» з сухафруктамі, арэхамі і ўсім неабходным для кандытараў, у тым ліку і шакаладам. Тады і вычыталі ў інтэрнэце, што існуе сапраўдны шакалад з дарагіх какава-бабоў, без араматызатараў і дадаткаў. З’ездзілі ў Маскву, пазнаёміліся з тэхналогіяй Bean-to-bar (што значыць поўны цыкл вытворчасці ў адным месцы — ад какава-боба да пліткі), захапіліся тэмай і паспрабавалі зрабіць першы свой натуральны шакалад дома.

Як лідчане адкрылі сваю майстэрню і гатуюць шакалад са смакам сыру і драўніны

— І з’явілася блакітная мара: вырабляць такі шакалад не толькі для сябе, але і для ўсіх, — успамінае Вадзім. — Каб пачаць шакаладны бізнэс, прадалі крамку і ўзялі банкаўскі крэдыт. На неабходнае абсталяванне і сыравіну, запуск механізму спатрэбілася каля пяцідзесяці тысяч даляраў. Год эксперыментавалі, афармлялі неабходныя дакументы.

Спярша працавалі ў маленькай майстэрні ў цэнтры Ліды, а зусім нядаўна пераехалі ў прасторнае арэнднае памяшканне ў гандлёвым доме «Торунь».

— Мы робім стаўку на абсалютна натуральны прадукт без дабавак, — дапаўняе Алена. — У яго склад уваходзяць толькі два інгрэдыенты: какава-бабы і трысняговы цукар, па неабходнасці - какава-алей.

Вы каштавалі горкі шакалад са смакам дыму, сыру, драўніны? А гэтыя ноткі, між тым, з’яўляюцца без усялякіх дадаткаў: такім чынам какава-бабы аддаюць, раскрываюць свой смак. Усё залежыць ад іх гатунку, вырастання, умоў надвор’я, абсмажвання зерня і іншых рэчаў.

Вытворчасць пачынаецца з адбору і абсмажвання какава-бабоў і заканчваецца пакаваннем гатовага прадукту. Доўгі шлях прадукту па тэхналогіі Bean-to-bar займае каля пяці месяцаў. Для падрыхтоўкі свайго шакаладу лідчане выкарыстоўваюць какава-бабы трынітарыё і крыёла, купляюць іх на маленькіх сямейных плантацыях пятнаццаці краін праз аўкцыён і забіраюць з Масквы.

Дарэчы, кілаграм такога гатунку какава-бабоў каштуе ад пяцідзесяці беларускіх рублёў. Бабы перабіраюць, абсмажваюць, чысцяць, дробняць, засыпаюць у млын і пераціраюць двое-трое сутак. Калі маса становіцца аднастайнай, яе заліваюць у спецыяльныя ёмістасці, фармуючы велізарныя пліткі ад пяці да дваццаці кілаграмаў, якія да пяці месяцаў вылежваюцца-дазраваюць ў віннай шафе. І толькі пасля гэтага майстры пераходзяць да заключнай стадыі - тэмпераванню, калі шакалад некалькі разоў награваецца і цёплая шакаладная маса разліваецца па формах, у якіх пры пакаёвай тэмпературы застывае. Далей — упакоўка, дызайн якой распрацавалі самі.

Як лідчане адкрылі сваю майстэрню і гатуюць шакалад са смакам сыру і драўніны

Акрамя эксклюзіўнага шакаладу, які муж і жонка называюць «ролс-ройс» ў свеце шакаладу, яны робяць фірмовыя дэсерты: браўні, труфелі з рознымі відамі сыроў, фірменнае печыва, какава-бабы ў шакаладзе, натуральную какаву, гарачы шакалад, а таксама чокалатль — незвычайны напой, які лічыцца прабацькам шакаладу і які нідзе, акрамя Ліды, у Беларусі не рыхтуюць.

Нядаўна да сямейнай справы далучыўся сын Алены — Аляксандр Рокач. Ён жыве ў Мінску, але пры любым зручным выпадку спяшаецца ў Ліду, каб паўдзельнічаць у чарадзейства нараджэння шакаладных смакаў. Прызнаецца, шакалад зацягнуў. Яго сястра Алеся ў сталіцы займаецца прасоўваннем прадукту.

Як лідчане адкрылі сваю майстэрню і гатуюць шакалад са смакам сыру і драўніны

Жыхары Ліды пакуль толькі знаёмяцца з дарагім горкім шакаладам «Prime», не ўсім ён па кішэні. Але сапраўдныя знатакі (а перад купляй пліткі кожнаму кліенту прапануюць дэгустацыю і дапамагаюць знайсці свой смак) ужо з’явіліся. Той, хто хоць раз пабываў у майстэрні, паназіраў за працай захопленых неардынарных людзей, пагутарыў з імі - абавязкова вяртаецца сюды яшчэ раз.

Як распавялі ў аддзеле спорту і турызму Лідскага райвыканкама, папулярнасць гастранамічных тураў расце, і экскурсія па майстэрні можа ў перспектыве ўвайсці ў адзін з турыстычных маршрутаў старажытнай Ліды.

Як лідчане адкрылі сваю майстэрню і гатуюць шакалад са смакам сыру і драўніны

На днях Вадзім Бачароў і Алена Ціхановіч вярнуліся з Масквы з міжнароднай выставы шакаладу, дзе былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі. Буйныя міжнародныя вытворцы з дваццаці краін і расійскія пакупнікі ацанілі якасць элітнага горкага шакаладу з Ліды.

Як лідчане адкрылі сваю майстэрню і гатуюць шакалад са смакам сыру і драўніны

— А самае прыемнае, што калегі куплялі наш шакалад сабе, — распавядае Вадзім. — Да прыкладу, кіраўнік і ўладальнік Vivani з абаротам у 130 мільёнаў даляраў у шакаладным бізнэсе купіў нашы пліткі сабе і жонцы.