Выпадак зарэгістравалі 2 лістапада ў бадзяжнага ката каля дома 25 на вуліцы Крамко. У горадзе з’явіліся ўлёткі, якія папяраджаюць пра гэта.
Гэта не першы выпадак шаленства гэтай восенню. 1 і 2 кастрычніка ў Гродне зафіксавана адразу два выпадкі шаленства – на вуліцах Кляновай і Курчатава. Пасля гэтага было прынята рашэнне ўвесці каранцін на два месяцы, ён будзе дзейнічаць у мікрараёнах, дзе знайшлі хворых жывёл. Як кажуць эксперты, раз на пяць гадоў шаленства дае такія ўспышкі.
Шаленства – гэта вострае віруснае інфекцыйнае захворванне. Заразіцца ім можна праз укус ці слюну хворай жывёлы – як вулічнай, так і хатняй. Шаленства адносіцца да абсалютна смяротных для чалавека захворванняў. Лячыць яго да гэтага часу не навучыліся. Штогод у свеце ад віруса шаленства гінуць 55 тысяч людзей.
Як абараніцца:
– строга выконваць правілы ўтрымання сабак, кошак і іншых жывёл, штогод рабіць ім прышчэпкі ад шаленства;
– пазбягаць кантактаў з дзікімі жывёламі, якія заходзяць у населеныя пункты;
– не дапускаць камунікацыі хатніх жывёл з бадзяжнымі;
– калі знайшлі, не чапайце трупаў жывёл, не здымайце шкуру і паведаміце пра іх у ветслужбу;
– калі вас укусілі, прамыйце рану мыльным растворам, накладзіце сухую павязку і пракансультуйцеся наконт прышчэпак супраць шаленства. Дарослыя – у БХМД, дзеці – у Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

