Кампенсацыі панесенага маральнага ўрону ад прадпрыемства «Гроднапрамбуд» дамагаецца супрацоўніца гэтага прадпрыемства, маці дзіцяці-інваліда, Вольга Макарэвіч, піша Беларускае Радыё Рацыя.
Амаль два гады яна дамагалася ад прадпрыемства законнай дапамогі на дзіця. Урэшце, абласны суд пастанавіў, што прадпрыемства мае выплаціць грошы пацярпеламу заяўніку. Але пасля гэтага, на Вольгу пачаўся ціск з боку кіраўніцтва «Гроднапрамбуда». Заява была скіравана супраць трох адказнікаў:
— Калі б яны пакінулі мяне ў спакоі і прызналі сваю віну, хаця б папрасілі прабачэнне, то ніякіх далейшых судовых разбіральніцтваў не было б. Але замест прабачэння яны зноў пачалі на мяне ціснуць і зноў мяне накіравалі хадзіць па судах. То бок пачаліся разборкі ў холе цэнтральнага апарата ўпраўлення, на мяне крычалі, на мяне ціснулі, і каб спыніць увесь гэты ціск, мной быў пададзены зыск аб спагнанні маральнага ўрону, каб проста спыніць свайго працадаўца.
Касацыйная скарга ў абласны суд павінна даць магчымасць суддзям разабрацца ў справе і ўлічыць інтарэсы дзіцяці, Максіма Макарэвіча, хлопчыка, які пакутуе на рэдкую хваробу: Вілі Бранта. Маці зараз думае пра стварэнне і рэгістрацыю арганізацыі па абароне правоў дзяцей-інвалідаў ва ўсіх сферах, звязаных з аздараўленнем і вяртаннем у супольнасць здаровымі.