Каля сотні прадстаўнікоў акадэмічнай сфэры, бізнесу, экспэртнай супольнасці і афіцыйных структур Літвы і Беларусі сабраліся 26-27 кастрычніка ў Клайпедзе, каб абмеркаваць, што аб’ядноўвае і што раздзяляе дзе краіны-суседкі. Дыскусіі на форуме пачаліся з агульнай гісторыі, далей ахапілі тэмы міграцыі і бізнесу. Меркаваннем арганізатараў, публічная і адкрытая камунікацыя грамадскасці дзвюх краін мае звярнуць увагу на выклікі і новыя магчымасці ў супрацы паміж дзяржавамі.
Чый Вітаўт, чыя Вільня
Адносіны паміж Літвой і Беларуссю сёння ці не самыя напружаныя ад пачатку 90-х, зазначалі ўдзельнікі дыскусіі. Прычына таму – “астравецкае пытанне”. Гэта тое, што нас раздзяляе. Аб’яднаць беларусаў і літоўцаў, меркаваннем удзельнікаў форума, можа агульнае мінулае.
“Тое, чаго не могуць зрабіць дыпламаты і палітыкі, зробяць гісторыкі. Наша агульнае мінулае зараз стварае агульную будучыню”, – казаў сацыёлаг з Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Аляксей Ластоўскі.
Ёсць у агульнай гісторыі свае парадоксы – літоўцы святкуюць дзень каранацыі Міндоўга, як Дзень дзяржавы, але “забываюць”, дзе ён каранаваўся. Беларусы ганарацца, што тое было ў Навагрудку, але не адзначаюць гэту дату. У Літоўскіх метрыках – 660 кнігах, няма ніводнага слова па-літоўску, таксама, як і ў Статутах ВКЛ. Раздзяліць агульнае мінулае не атрымаецца, лічыць Рустціс Камунтавічус з Інстытута Вялікага Княства Літоўскага.

“Калі мы хочам больш даведацца пра сябе, то павінны глядзець на Беларусь”.
Што да Вітаўта – то ён “прарастае” ў беларускай сучаснасці тралейбусамі і электробусамі, ці бурліць ігрыстым віном “Князь Вітаўт”. Праз тое мяркуе гісторык Алег Дзярновіч, беларуская дзяржава замацоўвае сваё права на гістарычную асобу.
Што да Вільні, то хоць яна і літоўская, але знакаў уганаравання беларусаў і беларускай дзяржаўнасці там значна больш, чым у беларускай сталіцы.

«Гісторыю немагчыма прысвоіць, але трэба засвоіць, – падсумаваў мадэратар дыскусіі Альгідас Нікжэнтайціс. – Наша агульная гістарычная памяць — гэта адкрытая кніга. Яна ўжо пачатая, там ёсць уводзіны, напісаны асобныя раздзелы. Але там шмат чыстых старонак. Так што працы яшчэ шмат».

Мяжа і мігранты
Працягласць мяжы паміж Беларуссю і Літвой – больш за 600 кіламетраў. Па розныя бакі мяжы розняцца палітычныя сістэмы, тэхналогіі, мовы. Праз гэта міграцыя беларусаў у Літву не надта вялікая. Па колькасці беларускія мігранты ў Літве трэція пасля ўкраінцаў і рускіх. Большасць з іх, 79%, жыве ў Вільні.
Ці прыносіць тое карысць Беларусі? Мяркуйце самі – 19% ад усіх грашовых пераводаў з Літвы ідзе ў Беларусь. Пра гэтыя факты на форуме распавяла дырэктар Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы Эвэліна Гудзінайтэ.

З яе словаў, тыповы беларускі мігрант – гэта мужчына 39 гадоў, што працуе ў галіне грузаперавозак. Ён жыве ў Літве адзін, бо мае тут магчымасць зарабіць на ўтрыманне сям’і. Адзін з важных для яго фактараў – магчымасць размаўляць па-руску.
Аднак за некалькі апошніх гадоў сярод мігрантаў з Беларусі з’явілася яшчэ адна група. Тыповы “новы мігрант” – гэта 36-гадовы айцішнік. Ён гаворыць па-англійску і прывозіць у Літву сям’ю з дзецьмі. Такія людзі найчасцей хочуць атрымаць від на жыхарства і застацца ў Літве на стала.
Меркаваннем Эвэліна Гудзінайтэ, працоўная міграцыя можа стаць яшчэ адным шляхам да ўзаемнага крос-культурнага абмену, карыснага для дзвюх краін.
На думку Андрэя Казакевіча, зразумела, чаму ў Літве запатрабаваны беларусы. Яны “не страшныя”, іх не ўспрымаюць як мігрантаў, бо “гэта нашы”. Апасенні хутчэй выклікаюць стэрэатыпы наконт “ісламістаў-тэрарыстаў”. Аднак жа вялікай хвалі міграцыі ў Літву хутчэй за ўсё не адбудзецца. Рынак працы гэтай краіны мае шмат абмежаванняў і не вытрымлівае канкурэнцыі з Расіяй і Польшчай.
Што да культурніцкага абмену паміж краінамі, то ён, на думку Казакевіча, забяспечваецца хутчэй асабістымі кантактамі і даўнімі стасункамі прафесіяналаў, чым працоўнымі мігрантамі.
Бізнес мае быць па-за палітыкай
Для дыялогу наконт беларуска-літоўскага бізнесу Клайпеда пасавала як найлепш. Трэцяя частка перавозак Клайпедскага порта прыходзіцца на беларускія грузы. Яго асноўны партнёр – “Беларуськалій”. “Літве агулам, і Клайпедзе ў прыватнасці, было б выгадна, каб палітычныя стасункі з Беларуссю палепшыліся. Тады была б надзея на павелічэнне грузаперавозак, – лічыць віцэ-мэр Клайпэды Юдзіта Сіманавічутэ. Але зараз стасункі паміж бізнесменамі ўскладніліся праз “праблему Астраўца”.

«У Літвы і Беларусі ёсць пытанні, дзе меркаванні расходзяцца, але ёсць і сотні пытанняў, дзе мы знаходзім узаемавыгадныя рашэнні. Эканоміка і палітыка ўзаемазвязаныя, будаўніцтва АЭС таксама на іх уплывае. Але трэба пазбягаць эскалацыі канфлікту», — адзначыў дэпутат Літоўскага Сейму Сымонас Гентвілас.
Праз тое зараз Літва мае больш цесныя бізнес-стасункі з Латвіяй і Эстоніяй, а ўлады Клайпеды апасаюцца, што Беларусь можа перанакіраваць свае грузы ў Рыгу, Венспілс ці расійскія парты. Меркаваннем бізнесоўцаў, было б лепш, каб палітычныя пытанні не перашкаджалі весці справы. Маўляў, бізнесмены б дамовіліся хутчэй, не губляючы час на дыскусіі.

Тое, што ўдзельнікі форума казалі адзін аднаму “не толькі кампліменты” зазначыў напрыканцы Альгідас Нікжэнтайціс:
«Калі мы не можам гучна выказаць свае фобіі, дыялог пра тое, што нас аб’ядноўвае, не будзе натуральным. Я б хацеў, каб мы казалі не толькі кампліменты, каб мы не баяліся казаць у голас пра стэрэатыпы, якія жывуць у грамадзтве. Мы суседзі, нам неабходна ўзаемаразуменне. Не салодкая цукровая вата, а размова па справе. Вельмі спадзяюся, што дыялог будзе працягвацца”.
Арганізатарамі форуму выступілі муніцыпалітэт Клайпеды, Клайпедскі ўніверсітэт, Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца (Літва), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), Інстытут «Палітычная сфера» (Мінск, Беларусь).


