Працы на пляцоўцы па вуліцы Васілька ў Гродне пачаліся з 26 кастрычніка. Плануецца, што за 18 месяцаў там з’явіцца трохпавярховы сучасны будынак генконсульства Літвы. Будаўніцтва ў гістарычнай частцы горада пачалося без археалагічнага нагляду.
У першы ж дзень работ падчас капання катлавана быў знойдзены верагодны падвал паравога млына, які знаходзіўся там раней. Толькі з пачаткам новага тыдня на будпляцоўцы з’явяцца археолагі. Чаму іх выклікаюць толькі пасля выяўлення знаходак, на будпляцоўцы адказаць не змаглі.
Нагадаем, на месцы велізарнай пусткі, абнесенай плотам, да 2007 года стаяў помнік прамысловай архітэктуры, якіх у Гродне практычна не засталося. Гэта быў паравы млын Ашэра Касоўскага, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Будынак млына знеслі летам 2007 года, хоць былі задумкі размясціць у ім гатэль або грамадска-гандлёвы цэнтр.
[irp posts="34 564″ name="Фабрыкі, ад якіх засталіся толькі пусткі: памяці Ашэра Касоўскага"]
Пляцоўку на Васілька пад будаўніцтва генконсульства Літвы горад вылучыў яшчэ ў 2008 годзе, але працы там пачаліся толькі праз 10 гадоў.