Паседжанне адбудзецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні, у памяшканні № 3. Пачатак паседжання — 10.00.
Другога кастрычніка на Дзянісава быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 17.11 КаАП (выраб або распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства). Падставай для складання пратаколу стаў перапост на старонцы музыкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» двух відэа з забароненага анархічнага пабліка.
«Абодва відэа былі рэпостнуты 6 сакавіка 2017 г. Абодва зараз адсутнічаюць, хаця я іх не выдаляў. Нічога на іх экстрэмісцкага няма. Яны — пра ўдзел бярасцейскіх анархістаў у Маршах тунеядцаў», — напісаў Дзянісаў у Facebook.
Нагадаем, што напрыканцы верасня, за некалькі дзён да складання гэтага пратакола, невядомыя сілавікі патэлефанавалі дахаты Алесю Дзянісаву, калі таго не было дома, і фактычна ўчынілі допыт яго непаўнагадовай дачкі.