У Беларусі да 100-годздзя камсамолу на кожным аб’екце, пабудаваным з удзелам моладзі, з’явіцца памятная шыльда, паведаміў сёння журналістам першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк, перадае БЕЛТА.

«Да векавога юбілею камсамолу на кожным аб’екце, дзе ў свой час працавала моладзь, з’явіцца памятная шыльда — інфармацыйны ўказальнік, на якім будзе ўся неабходная інфармацыя аб тым, хто і калі прымаў удзел ва ўзвядзенні канкрэтнага аб’екту», — сказаў Дзмітрый Варанюк.

Колькі такіх аб’ектаў па ўсёй Беларусі — не ўдакладняецца. А мы узгадваем, якія шыльды грамадскасць прасіла павесіць, але яны так і не з’явіліся.

1. Шыльда, прысвечаная паўстанню 1863−64 гадоў

Амаль 25 гадоў таму Гродзенскі гарвыканкам зацвердзіў размяшчэнне ў горадзе дзвюх мемарыяльных шыльдаў, прысвечаных паўстанню 1863−64 гадоў. Адну з іх павесілі на чыгуначным вакзале, а пра другую — на вуліцы Савецкай, 7 — забыліся.


Помнік і шыльда пра якія «забыліся». Як 25 гадоў таму ў Гродне не ўшанавалі паўстанцаў


2. Шыльда ў гонар пісьменніка Аляксея Карпюка

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Гродна выступілі з чарговай ініцыятывай па ўшанаванні памяці вядомага гродзенскага пісьменніка Аляксея Карпюка. Калі мясцовыя ўлады не жадаюць надаваць імя Аляксея Карпюка гарадской вуліцы, дык хаця б варта было павесіць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў пісьменнік, лічыць прафесар ГрДУ Аляксей Пяткевіч.

Раней грамадскія актывісты прапаноўвалі перайменаваць вуліцу Максіма Горкага ў вуліцу Аляксея Карпюка, у тым ліку ўсталяваць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў пісьменнік. Але гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымку мясцовых уладаў.

3. Шыльда ў гонар стагоддзя БНР

У Гродне шыльда не з’явіцца, пакуль не з’явіцца аналагічная шыльда ў <Мінску. Яшчэ ў сакавіку кіраўніцтва Мінгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць БНР.

Паводле чыноўнікаў Мінгарвыканкаму, павесіць дошку перашкаджае «шэраг зваротаў ад грамадзянаў», а «пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння па ўстаноўцы на разглядзе».​