Падвалы і гарышчы старых дамоў у Гродне захоўваюць яшчэ нямала таямніц і цікавостак для краязнаўцаў і гісторыкаў. На гарышчы дома № 8б па праспекце Касманаўтаў ёсць цікавы надпіс, які хутчэй за ўсё быў пакінуты там у міжваенны перыяд.
Расшыфроўкай надпісу раней ніхто адмыслова не займаўся. Толькі у 2018 адзін з цікаўных жыхароў дома, Аляксей, вырашыў паказаць надпіс журналісту.
«Паводле дакументаў наш дом быў пабудаваны ў 1917 годзе, хто жыў тут — невядома, — распавядае Аляксей. — Але будынак доўгія гады знаходзіўся ў ваенным гарадку. З 1990-х гадоў тут жывуць звычайныя гродзенцы. Запісы на сценах мяне даўно цікавілі, але не было магчымасці іх вывучыць».
Пакінулі камандзіровачныя?
Дом доўгія гады знаходзіўся на тэрыторыі аднаго з ваенных гарадкоў. За расшыфроўкай надпісу мы звярнуліся да гісторыка Аляксандра Сявенкі, які добра ведае гісторыю гэтага месца.
«Надпіс, мяркую, азначае 1-ы полк артылерыі лёгкай. Гэта ўжо 1930-я гады, бо польскія палкі спачатку былі палкамі палявой артылерыі, а пасля ўжо былі перайменаваны ў лёгкую. Але варта адзначыць, што 1-га палка лёгкай артылерыі ў Гродне не было. Гэта, відаць, былі курсы або камандзіроўка ў салдат, а ў гэтым будынку яны кватаравалі. У 1930-я гады ў Гродне было шмат розных курсаў, у нашым выпадку, хутчэй за ўсё, для кіроўцаў».
Першыя літары «K.S» якраз можна расшыфраваць як «kursy samochodowe», пасля «1.P.a.l» — «1. pułk artylerii lekkiej». Далей, мабыць, ідзе прозвішча аўтара надпісу, якое яшчэ трэба будзе вызначыць.
У 1930-я гады сённяшні дом № 8б на Касманаўтаў, быў часткай вайсковага гарадка або казармаў пад назвай Сулкоўскія. У асабістым архіве Аляксандра Сявенкі ёсць фатаграфіі курсантаў аўтамабільных курсаў тых гадоў, якія акурат знаходзіліся ў гэтым ваенным гарадку. Магчыма, аўтар надпіса на гарышчы старога дома ёсць на здымках сярод курсантаў.