Святочная літургія, хрэсны ход, смачныя пачастункі, народная музыка і многае іншае – усё гэта можна было пачуць, убачыць і нават паспрабаваць на традыцыйным Пакроўскiм свяце, якое праходзіла ў гродзенскiм Свята-Пакроўскім саборы 14 кастрычніка.
Сёлета свята пачалося раніцай з богаслужэння ў Свята-Пакроўскім саборы. Пасля заканчэння літургіі адбыўся Хрэсны ход вакол храма. А традыцыйнае Пакроўскае свята прайшло ва ўнутраным дворыку парафіяльнага комплексу. Там для некалькіх соцень гасцей гучала нацыянальная беларуская музыка, былі падрыхтаваны розныя пачастункі і гарбата.
“Такім чынам мы адзначаем свята ўжо трэці раз запар, – распавядае настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой. – Мы стараемся заўсёды на нашы мерапрыемствы запрашаць гурт, які грае аўтэнтычную народную музыку. У мінулым годзе ў нас быў этна-гурт” Рада”, у гэтым годзе – “Колiснiя”. Акрамя гэтага мы заўсёды запрашаем да нас майстроў, а таксама частуем гасцей свята кашамі, гарбатай і якой-небудзь выпечкай. Адзначаючы такім чынам свята, мы прытрымліваемся старадаўняй хрысціянскай традыцыі, таму што раней пасля службаў усе збіраліся за агульным сталом, каб пабыць разам і падзяліцца сваёй радасцю. Сёння гэта тая традыцыя, якая павінна быць у нашым жыцці”.
Адзначаць Пакроў дзень – гэта народная традыцыя для праваслаўных вернікаў, якая стагоддзямі існавала на Беларусі. У Гродне гэтае свята ў вернікаў лічыцца адным з самых важных. Менавіта ў гэты дзень у галоўным праваслаўным храме горада збіраецца вялікая колькасць людзей.










