У выставачным цэнтры «Фестывальны» адкрылася выстава па выніках курсу для пачаткоўцаў Photostart. Некаторыя знакамітыя фатографы называюць яе «дзіцячым садам». Але маладыя фатографы не крыўдуюць. Яны пачалі актыўна здымаць і задумвацца пра ўласныя праекты.
На выставе «Фотавымярэнне» вы ўбачыце 38 фотапрац, якія адлюстроўваюць краявіды Гродна і Вільні. Стваральнікі адмыслова не падпісвалі, які горад на фота, падкрэсліваючы іх падабенства. На фота можна ўбачыць як вядомыя мясціны, так і далёкія ад цэнтраў будынкі і вуліцы.
Курс Photostart праходзіў у жніўні і верасні пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы. Таму навучэнцы сустракаліся не толькі з гродзенскімі і беларускімі фатографамі, мастакамі і творцамі, але і з літоўскімі дзеячамі. За тры тыдні штодзённых лекцый і семінараў маладыя фатографы засвоілі веды пра кампазіцыю, працу са святлом, даведаліся прыёмы, якія робяць фатаграфію цікавай і прывабнай.
У праекце паўдзельнічала 15 чалавек з розным узроўнем ведаў. Сярод іх — трое маладых людзей з парушэннямі слыху, якія карысталіся сурдапераводам ад сваіх выкладчыкаў. Як кажуць кіраўнікі праекту Сяргей Курыла і Кацярына Гардзеева, за кошт абмежавання ў слыху яны бачаць больш за нас, таму было цікава ўбачыць іх погляд на гарады.
Амаль для ўсіх удзельнікаў курса фатаграфія — хобі. Але пасля курса яны пачалі задумвацца пра ўласныя праекты ці манетызацыю захаплення. Арганізатары кажуць, што калі хаця б некалькі чалавек стане добрымі фатографамі, то курс прайшоў недарма.
Выставу можна наведаць у выставачным цэнтры «Фестывальны» да 25 кастрычнікa.