Чацвёрты сезон перасоўнай фотавыставы «Праекты ў асобах» даехаў да Гродна. Выстава адкрылася 2 кастрычніка на Савецкай плошчы. Праз асабістыя гісторыі розных удзельнікаў праектаў там можна даведацца пра тыя змены, якія адбываюцца ў Беларусі, дзякуючы працы грамадзянскай супольнасці і мясцовых уладаў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

На выставе прадстаўлены 29 праектаў. Іх асноўныя тэмы — веларух, зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес і іншыя. Але ў фокусе выставы — людзі, якія прымалі ўдзел у праектах.

На кожным стэндзе размешчаны партрэт чалавека і яго кароткая гісторыя. З адваротнага боку можна ўбачыць інфаграфіку з апісаннем праекта, рэалізаванага пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, і дасягнутымі вынікамі.

Гродзенцаў сярод аўтараў праектаў не было, але былі агульнарэспубліканскія ініцыятывы, дзе задзейнічаны быў і Гродна. Напрыклад, ёсць стэнд з мінчанкай Анастасіяй Янчэўскай, аўтаркай і ўдзельніцай праекта «Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Беларусі». Праект рэалізуецца з 2017 года і прадугледжвае развіццё роварнага руха, а таксама паляпшэнне роварнай інфраструктуры ў краіне. Пры гэтым ён павінен стымуляваць грамадзян выкарыстоўваць ровар у якасці паўсядзённага транспарту.

"Праекты ў асобах": перасоўная выстава ў цэнтры Гродна расказвае пра людзей, якія стаяць за еўрапейскімі праектамі
Анастасія Янчэўская, аўтарка і ўдзельніца праекта «Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Беларусі»
«Перад намі стаяць вельмі глабальныя мэты. Мы перш за ўсё хочам падняць ровар на больш высокі ўзровень. Каб гэты транспарт быў не толькі для прагулак па парку, а стаў сродкам перамяшчэння, — распавядае Анастасія Янчэўская. — Наш праект рэалізуецца ў тым ліку і ў Гродне — тут за яго рэалізацыю адказвае аб’яднанне «ВелаГродна».

Янчэўская адзначае актыўнасць гродзенскіх раварыстаў: летась у горадзе пачаў дзейнічаць каардынацыйны савет пры гарадской адміністрацыі па развіцці роварнага руху.

Гэта ўсяго толькі адзін праект, а падобных на выставе яшчэ 28. Пазнаёміцца з героямі можна будзе на плошчы Савецкай да 14 кастрычніка. На выставе таксама ёсць інфармацыя, як можна рэалізаваць сваю ідэю з дапамогай сродкаў Еўрасаюза.