Гродзенскія футбалісты ўжо трэці матч запар перамагаюць. Гэтым разам у Гродне 1 кастрычніка падапечныя Ігара Кавалевіча ўзялі верх над “Гомелем” – 2:0.
У складзе “Нёмана” Цэслюкевіч на 31-й хвіліне адкрыў лік у матчы, а Рассадкін на 77-й хвіліне ўдарам галавой пасля навеса Савасьцьянава павялічыў перавагу “Нёмана”.
“Нёман”: “Гомель – 2:0
Ігар Кавалевіч пасля матчу:
“Добры супернік нам супрацьстаяў. Якасны футбол паказвае “Гомель” у апошніх гульнях. У прынцыпе, што чакалі, то і атрымалася. Мы забілі гол, потым Рассадкін забіў прыгожы гол. Не ўсё ў нас атрымлівалася, ёсць і пытанні. Але мы разбярэмся і ўсё будзе добра. Што тычыцца замены ў першым тайме, Абуна вельмі няўдала адыграў, менавіта ў сувязі з гэтым і правялі яго замену. Рудзік доўга пераапранаўся, ён павінен быў выйсці яшчэ раней”.
Пасля 23-х праведзеных матчаў “Нёман” дзеліць 5 і 6 месца з брэсцкім “Дынама”, у каманд па 38 ачкоў. У паўднёўцаў ёсць яшчэ матч у запасе.
Наступны паядынак гродзенцы правядуць 7 кастрычніка ў Жодзіне, дзе сустрэнуцца з мясцовым “Тарпеда”.










