Адкрыццё фотавыставы «Праекты ў асобах», якая распавядае аб праектах, што рэалізуюцца пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, пройдзе у Гродне 2 кастрычніка. Стэнды са здымкамі будуць усталяваны на Савецкай плошчы да 14 кастрычніка.

З 2015 года «Праекты ў асобах» пабывала ў 32 буйных і малых гарадах Беларусі, прадставіла 58 праектаў, яе героямі сталі грамадскія дзеячы і прадстаўнікі мясцовых уладаў, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, вучоныя, інжынеры, фермеры − усяго 58 персанальных гісторый.

Канцэпт выставы ставіць на мэце праз асобу героя падаць праект, які змяніў жыццё людзей да лепшага. Інфаграфіка таксама грае важную ролю, наглядна прадстаўляючы механізм і важныя характарыстыкі кожнага з праектаў.

Тэматыка новага сезона − зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес, інклюзіўныя практыкі.

Выстава будзе працаваць у Гродне да 14 кастрычніка. Наступны горад — Брэст, які ўжо другі раз сустракае фотавыставу. Потым «Праекты ў асобах» пабачаць жыхары і госці Гомеля, Магілёва і Віцебска.