Аб’ект з’явіцца ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп». Пра гэта паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

— Гэта будзе невялікі стадыён з трыбунамі, зручнымі і сучаснымі распранальнямі і душавымі для спартсменаў, з якаснымі пляцоўкамі для пляжных відаў - валейбола і футбола. Ён дазволіць прымаць матчы, турніры досыць сур’ёзнага ўзроўню, — адзначыў Алег Адрэйчык.

Ён распавёў, што інфраструктура для пляжнага футбола ў рэгіёне працягвае развівацца. Узводзіцца пляцоўка на адной з баз адпачынку пад Гродна. Адкрыўся стадыён у Шчучыне. Некалькі гадоў таму з’явілася трэніровачная база для «пляжнікаў» у Каложскім парку ў Гродне.

Сам від спорту таксама становіцца ў Гродзенскай вобласці ўсё папулярней. Ёсць і годныя вынікі. Упершыню у 2018 годзе каманда «Гроднааблспорт» стала чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Кубка Беларусі па пляжным футболе. Сёння футбалістаў і трэнераў каманды-чэмпіёна ўшаноўвалі ў Гродне.

— Дасягненне не шэраговае. Каманда ішла да яго некалькі гадоў, набіраючыся вопыту, падвышаючы майстэрства. Важна, што ў складзе дружыны не прафесіяналы, а футбалісты-аматары. Від спорту відовішчны, цікавы, у яго, упэўнены, ёсць будучыня, — адзначыў Алег Андрэйчык.

Шэраг футбалістаў з Гродна ўваходзяць у склад нацыянальнай зборнай краіны.

— Гульцы ў нас сабраны ў асноўным маладыя. Бачым цікавасць з боку падрастаючага пакалення. Таму, упэўнены, каманда толькі ў пачатку большага шляху. Прыемна, што і наш від спорту ў рэгіёне падтрымліваюць, аказваюць яму ўвагу. Бачым і цікавасць гледачоў, напрыклад, на гульнях у Шчучыне збіраўся поўны стадыён, — адзначыў трэнер каманды «Гроднооблспорт» Васіль Савіч.

Ён падкрэсліў, што перад камандай стаіць новы выклік. У маі 2019 году «Гроднааблспорт» прадставіць краіну на турніры ў Партугаліі, дзе выступяць звыш 30 чэмпіёнаў з еўрапейскіх краін.