На ЦСК «Нёман» з 19 па 22 верасня праходзіў чэмпіянат Беларусі па цяжкай атлетыцы. У гэтым годзе каля 170 наймацнейшых цяжкаатлетаў з усёй краіны з’ехаліся ў горад над Нёманам і змагаліся ў дваццаці вагавых катэгорыях.

Чэмпіянат Беларусі ў Гродне праходзіў ужо ў шосты раз, але гэта першыя спаборніцтвы пасля сыходу з жыцця арганізатара і галоўнага суддзі Аляксандра Курловіча. Нагадаем, гродзенскі алімпіец памёр у красавіку гэтага года. Арганізатары спаборніцтваў прыклалі максім намаганняў, каб захаваць высокі ўзровень правядзення спаборніцтваў, які быў закладзены чэмпіёнам з Гродна.

Па выніках чэмпіянату ў Гродне будзе сфарміравана нацыянальная зборная Беларусі, якая адправіцца на чэмпіянаты Еўропы і свету.

«На чэмпіянаце досыць нядрэнна сябе зарэкамендавала моладзь. Прыкладна чалавек пяць, якія канкурэнтаздольныя па міжнародных мерках, — распавядае галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай каманды Беларусі Віктар Шэршукоў. — У цэлым было шмат удзельнікаў ва ўсіх вагавых катэгорыях. Праз тры тыдні наша моладзь едзе на чэмпіянат Еўропы, а потым у спартсменаў чэмпіянат свету. Напярэдадні вялікіх стартаў праводзіць падобныя спаборніцтвы трэба адназначна ў Гродне, тут ужо ўсё накатана. На жаль Сашы Курловіча няма, але ўзровень спартсменаў і падрыхтоўка не ўпала. Умовы цудоўныя для спаборніцтваў, адміністрацыя горада ідзе нам на сустрэчу».

Таксама Віктар Шэршукоў адзначыў, што ёсць сур’ёзныя перадумовы да таго, каб арганізаваць у Гродне міжнародны турнір памяці Аляксандра Курловіча. Турнір можа быць ліцэнзійным, сусветная федэрацыя цяжкай атлетыкі ўжо падтрымала гэтую ініцыятыву.