Па новым генпланам індывідуальная забудова ў раёне Пярэсялкі будзе максімальна захавана, распавёў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна Іван Курман, піша «Вячэрні Гродна».
Часткова пад знос пойдуць дамы, якія трапяць у межы рэканструкцыі вуліцы Каліноўскага, а таксама будаўніцтва новага мікрараёна ў раёне вуліц Вясновая — Каліноўскага.
Па праекце тут збіраюцца пабудаваць шматкватэрныя хаты ад 3 да 9 паверхаў з пляцоўкамі для гульняў і адпачынку. Першыя ўзроўні ў шматпавярхоўках ўздоўж магістральных вуліц аддадуць пад гандаль. У цэнтры новага мікрараёна пабудуюць яшчэ адзін дзіцячы сад, аб’яднаны з пачатковай школай. З боку Каложскага парку з’явіцца сярэдняя школа з басейнам. Новы мікрараён звяжуць з гарадскімі вуліцамі падземным пераходам. На скрыжаваннях асноўных дарог прадугледжаны гандлёвыя аб’екты з падземнымі паркінгамі.