На святкаванні Дня горада гродзенскі волат Аляксандр Кодзіс працягнуў 12-тонны тралейбус на 10 метраў.

За рэкордам гродзенца, які той ставіў на плошчы Тызенгаўза, назірала больш за сотня гараджан. Сам асілак адзначае, што раней такую ​​вагу яму цягнуць не даводзілася, аднак падчас трэніроўкі гэта ўдалося зрабіць.

«Было цяжка цягнуць. Нават дзесьці запанікаваў, таму што тралейбус было цяжка з месца зрушыць. Слава Богу, усё атрымалася», — сказаў пасля рэкорду Александр.

https://www.instagram.com/p/Bnv6Ve0hXug/?taken-by=raslkulevich

Раніцай перад рэкордам Аляксандр з’еў тры бананы і аўсянку. Асілак адзначае, што гэта залог сілы і поспеху ў спорце.

Праз два тыдні гродзенца чакае чэмпіянат свету па паўэрліфцінгу. Аляксандр кажа, што паспее аднавіцца пасля гродзенскага старту.

У наступным годзе гродзенец плануе працягнуць у звязцы 10−15 легкавых аўтамабіляў - гэта каля 20−25 тон.

Даведка

Аляксандр Кодзіс — майстар спорту міжнароднага класа па паўэрліфцінгу, двухразовы рэкардсмен свету ў станавой цязе, чэмпіён свету і абсалютны чэмпіён Еўропы і Кубка Еўропы, шматразовы рэкардсмен і чэмпіён Рэспублікі Беларусь.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life