Камітэт Беларускай федэрацыі футбола па статусе і пераходах футбалістаў 7 верасня прыняў рашэнне ў дачыненні да выплаты кампенсацыі за падрыхтоўку і навучанне беларускага паўабаронцу Паўла Савіцкага. Згодна з гэтым рашэннем, брэсцкае «Дынама», колеры якога сёння абараняе футбаліст, павінна выплаціць гродзенскаму «Нёману» 398,23 тысячы долараў.
Нагадаем, 28 снежня брэсцкае «Дынама» абвясціла, што заключыла з Паўлам Савіцкім трохгадовае пагадненне.
Днём пазней старшыня ФК «Нёман» Іван Варсовіч распавёў, што ў верасні клуб прапаноўваў Савіцкаму новы кантракт на палепшаных умовах, але футбаліст адмовіўся.
Пасля падпісання «Нёман» накіраваў у Брэст ліст з патрабаваннем кампенсацыі за «падрыхтоўку і навучанне» футбаліста. Падставай для гэтага стаў пункт 4 артыкула 22 «Рэгламенту АБФФ па статусе і трансферах футбалістаў». «Нёман» патрабаваў за футбаліста 600 тысяч долораў.
Але пазней бакі дамовіліся, што кампенсацыю «Нёману» выплаціць кампанія «Сохра-групп» — асноўны фінансавы спонсар клуба берасцейцаў. Яе памер павінен быў скласці 211 тысяч долараў, аднак «Дынама» не выплаціла суму і гродзенскі клуб звярнуўся ў АБФФ.