У галоўнай зале гродзенскай сінагогі 31 жніўня ў 17:00 пройдзе бясплатны паказ фільма «Жонка наглядчыка заапарка». Паказ прымеркаваны да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. Гэты фільм ужо паказвалі ў Мінску і Брэсце.

«Кінастужку „Жонка наглядчыка заапарка“ паказалі амаль ва ўсёй Еўропе. Гэты фільм адкрывае старонкі, якія не асабліва вядомыя. Напрыклад, як польская сям’я ратавала яўрэяў. Гэтая гісторыя вартая таго, каб яе ўбачылі шырокія масы, у тым ліку і жыхары Гродна. Бо з суседняй Польшчай гісторыя ў нас амаль аднолькавая», — распавёў адзін з арганізатараў Яўген Калодзін.

Перад гасцямі мерапрыемства выступіць таксама гродзенскі скрыпач Слава Панькоў і адмысловыя госці. Таксама ў гэты дзень адкрыецца выстава пра дзейнасць падпольнай польскай арганізацыі «Жэгота», якая дапамагала яўрэям падчас Другой сусветнай вайны.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Генеральнае Консульства Польшчы ў Гродне, Асацыяцыя іўдзейска-хрысціянскага дыялогу «Шомэр-інтэрнэшнл», Маладзёвы праект «Кіслеў», Яўрэйская грамада Гродна і Цэнтр гарадскога жыцця.

Пачатак мерапрыемства ў 17:00. Уваход бясплатны.