Нядаўна стала вядома пра шалёнага вожыка са Скідзеля. А ўчора ў лесе ў Гродзенскім раёне шалёны барсук напаў на мужчыну, піша Telegraf.by
Жыхар вёскі Сыпаная Гара раніцай адправіўся ў лес, а вярнуўся дадому толькі ноччу. Пры гэтым яго рукі былі акрываўленыя. Мужчына распавёў, што ў лесе на яго раптам накінуўся барсук і пакусаў, а ён спрабаваў адбіцца ад жывёлы. Пацярпелы звярнуўся па медыцынскую дапамогу, а цела барсука адправілі на экспертызу. Вынікі даследавання пацвердзілі асцярогі: жывёла балела на шаленства.
Цяпер вяскоўцу трэба прайсці курс лячэння, а ў гэтай мясцовасці на працягу двух месяцаў будуць праводзіцца супрацьэпізаатычныя і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.
У Скідзелі зарэгістраваны выпадак шаленства вожыка. На мінулым тыдні па шляху дадому гараджанін сустрэў вожыка і вырашыў аднесці яго сваім унукам, піша «Гродзенская праўда». Праз некаторы час вожык стаў задыхацца, а ўначы памёр. Спачатку гаспадары хацелі яго закапаць, але вырашылі падстрахавацца і на ўсялякі выпадак аднеслі для даследавання спецыялістам ветслужбы. Лабараторныя даследаванні пацвердзілі шаленства.