Андрэй Бурдзянкоў 18−19 жніўня ўжо чацвёрты раз прыехаў у Гродна на каталіцкія могілкі. За гэты час ён адлічбаваў каля 400 старых пахаванняў. Працы на могілках яшчэ шмат, а гродзенцы да праекта пакуль не вельмі актыўна падключаюцца.

Андрэй Бурдзянкоў працуе гідам-перакладчыкам і ўжо некалькі гадоў вывучае беларускія могілкі. Незвычайнае хобі прывяло яго ў Гродна — на старыя каталіцкія могілкі. Андрэй плануе адлічбаваць усе магчымыя пахаванні і ўнесці іх у бясплатную базу дадзеных, каб любы чалавек у любой кропцы свету змог знайсці патрэбную магілу ў Гродне.

«Першы раз з заданнем я быў на каталіцкіх могілках у Гродне ў сярэдзіне ліпеня, агледзеў фронт працы і пачаў адлічбоўваць помнікі, — распавядае Андрэй. — Тады ж мне турысты ахвяравалі невялікую суму на пакос травы. Самае цікавае, што яны ніякага дачынення да Гродна не мелі. За той бюджэт, які ў мяне быў, нерэальна было нешта пакасіць. Давялося шукаць іншыя сродкі, а таксама падключаць валанцёраў».

Лайкаў больш, чым дапамогі: як ідуць справы з адлічбаваннем старога некропаля ў Гродне
Андрэй падчас працы на каталіцкіх могілках у Гродне
Андрэй адзначае, што ў Гродне ўсяго некалькі людзей яму дапамагаюць. Але гэтага мала, бо маштаб старых пахаванняў велізарныя.

«Быў хлопец Максім, які прыйшоў са сваёй касой, дзяўчынка Ксенія, якая кінула першыя тры рублі на Талаку. Сёння [раніца 20.08.2018 — рэд.] сабрана 88 рублёў, але гэтага мала. Напрыклад, інструмент пастаянна патрабуе рамонту і я яго абнаўляю. Праект усё яшчэ мае патрэбу ў сродках і працоўных руках», — дадаў Андрэй.

У базе Андрэя ўжо каля 400 пахаванняў з гродзенскіх каталіцкіх могілак, але гэта толькі маленькі сектар, які знаходзіцца ля капліцы.

Лайкаў больш, чым дапамогі: як ідуць справы з адлічбаваннем старога некропаля ў Гродне
Каталіцкая частка могілак на Антонава
На graves.by можна знайсці інфармацыю па 25 могілках у Беларусі - гэта больш за 7000 надмагільных пліт. Дзякуючы ініцыятыве Андрэя некаторыя замежнікі ўжо змаглі знайсці магілы сваіх сваякоў.

Падрымаць праект можна на Талацэ. Грошы ў першую чаргу ідуць на ўборку могілак, а таксама на дапрацоўку сайта і дадатку для адлічбавання могілак.