Начныя шпацыры па летнім Гродне – што можа быць лепш? Праўда, гродзенцам і турыстам прыходзіцца блукаць па начных вуліцах у цемры. Не дзіўна, што адключэнне святла на вуліцах заняло пятае месца ў нашым апытанні пра рэчы, якія нас бесяць. Пра цемру на вуліцах мы пагутарылі з гродзенцамі, гасцямі горада і “Гарсвятлом”.

Турысты не разумеюць
Турысты з Літвы Ёнас і Она былі не ў захапленні, калі вячэрні шпацыр па горадзе пераўтварыўся ў блуканні па цёмных вуліцах.
“Гродна вельмі прыгожы горад, хацелася паглядзець на яго ўначы. Днём заўважылі, што амаль на кожным будынку ў цэнтры ўсталявана падсветка, але яна чамусці на большасці будынках не працавала. А пасля поўначы ў горадзе стала вельмі цёмна. І гэта ў суботу, калі на вуліцах яшчэ было шматлюдна і працавала шмат забаўляльных устаноў”.
Святло да поўначы
Агулам па стане на 17 жніўня асвятленне ўключаецца ў 21.35, а адключаецца ў 5.28, расказалі Hrodna.life у “Гарсвятле”.
Да поўначы асвятленне ў цэнтры працуе напоўніцу, а пасля цэнтр пераводзіцца ў начны рэжым з мэтай эканоміі, падсумавалі ў “Гарсвятле”. За межамі цэнтра ў “эканомны рэжым” горад пагружаецца пасля 22.00.
Ранішняе ўключэнне – 28 хвілін
У такіх раёнах як Панямунь, Зарыца, Баранавічы і іншых пасля першай гадзіны ночы асвятленне знікае цалкам аж да пятай гадзіны. На сённяшні дзень асвятленне вяртаецца перад світанкам на 28 хвілін. З набліжэннем зімовага перыяду час ранішняга ўключэнне паступова расцягваецца да некалькіх гадзін.
Дадатковая падсветка і ілюмінацыя ў горадзе працуе да 22.00 у працоўыя дні і да 23.00 у выходныя, а ў святы нават да гадзіны ночы.
Вырашае не “Гарсвятло”
З пытаннямі наконт працягласці асвятляльнага перыяду ў “Гарсвятло” звяртаецца няшмат людзей. “Было некалькі званкоў з новага раёну Ласосна-4, а так людзі ўжо ў курсе”, – сказалі нам.
Дарэчы, гэта не “Гарсвятло” вырашае пытанні па працягласці працы асвятлення. Графікі складаюць у выканкамах і ўзгадняюць з ДАІ. Таму, калі ў людзей узнікаюць пытанні, ім трэба звяртацца ў выканкам.
Сабачнікі не ў захапленні
Раннім пераводам асвятлення ў эканомны рэжым незадаволены сабачнікі.
Міхаіл кажа, што ўлетку даволі часта даводзіцца выходзіць на прагулку з сабакам каля поўначы. Вяртацца дамоў па напаўцёмным горадзе не надта прыемна. Міхаіл лічыць, што тэрмін паўнавартаснага асвятлення варта падоўжыць, прынамсі ў цёплы перыяд году.
“Прыемна ў гарачыя летнія дні выйсці на шпацыр з сабакам і прагуляцца гадзіну другую па начным горадзе”, – кажа Міхаіл і дадае, што аднойчы з-за недастатковага асвятлення людзі спалохаліся ягонага сабакі.
Са святлом – бяспечней
19-гадовая Марыя таксама не супраць, каб асвятленне працавала даўжэй. “Шмат бараў і кафэ працуюць пасля поўначы. Вяртацца дадому трэба ў цемры”, – кажа яна. І дадае: калі на вуліцы добрае асвятленне, адчуваеш сабе бяспечней. Маўляў, у летні перыяд прынамсі ў цэнтры асвятленне павінна працаваць напоўніцу да світанка.


