У апошнія гады футбольны «Нёман» шмат крытыкавалі за тое, што клуб не можа зарабляць на гульцах і аддае іх у іншыя каманды практычна бясплатна. Але апошні трансфер паўабаронцы «Нёмана» Мукама ў БАТЭ паказаў, што ў Гродне навучыліся прадаваць футбалістаў.

Французскі паўабаронца камерунскага паходжання Мукам папоўніў шэрагі гродзенцаў у сакавіку 2018 года і за некалькі месяцаў здолеў стаць адным з лідараў каманды. У складзе гродзенцаў футбаліст правёў 18 матчаў і вызначыўся 4 галамі.

Паводле сайта transfermarkt.com Мукам у складзе «Нёмана» каштаваў каля 50 тысяч еўра, але за колькі яго прадалі ў БАТЭ невядома. Старшыня «Нёмана» Іван Варсовіч распавёў, што ўсе бакі засталіся задаволеныя пераходам футбаліста ў барысаўскі клуб.

Старшыня футбольнага "Нёмана": "Мы зарабілі на трансферы Мукама"
Інфармацыя паводле сайту transfermarkt.com
«Магу сказаць, што „Нёман“ зарабіў на трансферы Мукама. Сума таго варта, менавіта таму мы прынялі рашэнне адпусціць гульца. Зразумела, што мы страцілі ключавога футбаліста, але варта адзначыць, што ён да нас прыйшоў бясплатна і на яго продажы мы здолелі зарабіць. Я лічу, што ў гэтай сітуацыі футбаліста не трэба было ўтрымліваць у камандзе, бо ў наступным годзе ён мог бы сысці бясплатна», — сказаў Варсовіч.

Вядома, што 24-гадовы Мукам у Барысаве будзе атрымліваць у некалькі разоў большы заробак, чым у «Нёмане», ды і еўракубкавая восень яму там забяспечана. Футбаліст марыць трапіць у топ чэмпіяната Еўропы. Калі Мукам і далей працягне прагрэсаваць у чэмпіянаце Беларусі, то ў будучыні БАТЭ зможа на ім зарабіць у разы больш, чым «Нёман».


15 жніўня закрываецца трансфернае акно. За жнівень гродзенцы здолелі ўзмацніцца адным футбалістам — сербскім абаронцам Міхайла Ёванавічам. Не выключана, што перад закрыццём трансфернага акна «Нёман» падпіша яшчэ якога-небудзь футбаліста.

Нагадаем, 17 жніўня аднаўляецца чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе. У гэты Дзень «Нёман» адправіцца ў Магілёў, дзе сустрэнецца з мясцовым «Дняпром».

Пасля 17-ці тураў гродзенская каманда займае 8-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 25 ачкоў.