Назіральная пляцоўка «Дахі старога горада» і кавярня «Дах свету» адкрыюцца ў Гродне 15 жніўня. Яны размясціліся на вышыні больш за 25 метраў - на даху гандлёвага дома «Нёман» у самым цэнтры горада.

Трапіць на дах можна як па лесвіцы, так і на панарамным ліфце, які адразу дастаўляе ў кафэ «Большой Буфет» на чацвёрты паверх і на дах, без прыпынкаў па дарозе. Ліфтам можа карыстацца кожны наведвальнік гандлёвага дома, пры гэтым падымацца на ім можна і пасля закрыцця «Нёмана».

Назіральную пляцоўку над былым універмагам сімвалічна назвалі «Дахі старога горада». Адсюль, як на далоні, бачныя дахі старых гродзенскіх будынкаў, якія можна ўбачыць не праз аконнае шкло і не праз празрыстыя сценкі агляднага ліфта, а ўжывую.

«Аглядная пляцоўка „Дахі старога горада“ лічыцца самай вялікай у Беларусі. Яе плошча складае каля 800 квадратных метраў. Сярод беларускіх назіральных пляцовак яна рэкардсмен па памерах і, спадзяемся, па прыгажосці відаў, якія адкрываюцца з яе», — адзначыў дырэктар гандлёвага дома «Нёман» Аляксей Яўлаш.

Толькі ў Мінску і Гродне

Тэрыторыя назіральнай пляцоўкі падзелена на зону адпачынку і тэрыторыю для прагулак. У цэнтры агляднай пляцоўкі размясцілася новае лаўнж-кафэ на 100 месцаў пад назвай «Дах свету». Яно размяшчаецца на тэрасе пад навесам-купалам, займае плошчу 350 квадратных метраў. Падобнае кафэ на даху ёсць толькі ў Мінску, сярод абласных цэнтраў Гродна — адзіны можа пахваліцца такім.

Аглядная пляцоўка на даху ў сэрцы Гродна будзе працаваць бясплатна. У ГД «Нёман» ўпэўненыя, што яна стане яшчэ адным папулярным месцам адпачынку гараджан і турыстаў.