Відэа з’явілася на афіцыйным канале Лігі чэмпіёнаў на ютубе і прымеркавана да старту гродзенцаў у гэтым турніру.

Здымкі роліка праходзілі 4 жніўня ў цэнтры горада. Прадстаўлялі наш горад браты-хакеісты Сяргей і Аляксандр Маляўка. Распавесці пра горад і каманду трэба было за паўтары хвіліны.

Каб змясціць у такі кароткі час як найбольш гродзенскіх краявідаў, вырашылі здымаць кліп з дрона і папрасілі падтрымкі ў Hrodna.life.

Першыя два матчы еўракубка гродзенцы правядуць дома. У першым матчы Лігі чэмпіёнаў «Нёман» будзе прымаць 31 жніўня ў Гродне чэшскі хакейны клуб «Камета» з горада Брно. А 2 верасня ў гасцях у гродзенцаў будзе стары знаёмы швейцарскі «Цуг». Квіткі ўжо ў продажы.

Нагадаем, для «Нёмана» ўдзел у Лізе чэмпіёнаў стане трэцім у гісторыі. У сезоне-2015/16 у турніры дэбютавалі чырвона-чорныя, аднак каманда не здолела пераадолець групавы раўнд. У сезоне-2017/18 гродзенскі «Нёман» зноў прадстаўляў Беларусь у еўракубку, і зноў камандзе не ўдалося пераадолець групавую стадыю.