Легенда гродзенскага хакея Вячаслаў Лісічкін упершыню пасля пераходу ў «Дынама-Маладзечна» прыехаў у Гродна і ў рамках Кубка Салея сустрэўся са сваёй былой камандай. Новая дружына Лісічкіна прайграла «Нёману» ў серыі булітаў. Пасля матчу хакеіст распавёў журналісту Hrodna.life, чаму пакінуў шэрагі чырвона-чорных і як гэта — прыязджаць у Гродна ў складзе іншай каманды.

Нагадаем, Вячаслаў Лісічкін пакінуў гродзенцаў у час міжсезоння і далучыўся да «Дынама-Маладзечна». Хакеіст пачаў прафесійную кар’еру ў «Нёмане» ў 1998 годзе і з таго часу выступаў толькі ў гэтай камандзе. 37-гадовы форвард правёў у складзе чырвона-чорных 728 матчаў у экстралізе і набраў 503 (191+312) ачкі.

Вячаслаў Лісічкін: "У Гродне мая сям'я, тут заўсёды добра гуляць"

— Слава, як гэта: вярнуцца ў Гродна і гуляць супраць каманды, у якой правёў шмат гадоў?

— У Гродне гуляць было нармальна, гэта жыццё. Тая ж самая праца, толькі ў іншай камандзе. Усё як і раней — выходзіш і робіш сваю працу, каб перамагчы. Ніхто не акцэнтаваў увагу, што матч у Гродне для мяне будзе нейкім асаблівым.

— Як табе ўзровень гродзенскай каманды ў новым сезоне?

— «Нёман» ніколі не быў слабой камандай, але ў параўнанні з мінулым годам калектыў стаў трохі слабей. Але, нягледзячы на гэта, я лічу, што ў Лізе чэмпіёнаў у «Нёмана» ёсць шанцы. Чаго не хапала раней? Напэўна, забіць буліты.

Вячаслаў Лісічкін: "У Гродне мая сям'я, тут заўсёды добра гуляць"

— А што скажаш наконт атмасферы ў Гродне?

— У Гродна я прыязджаю да сябе дадому, мне вельмі прыемна быць у гэтым горадзе. Тут мая сям’я, тут заўсёды добра гуляць, заўзятараў хапае і фан-сектар класны. Я разлічваў, што на матчы будзе больш людзей, але, магчыма, на наведвальнасць уплывае яшчэ лета.

Наогул гродзенцам я хачу перадаць, каб працягвалі падтрымліваць сваю каманду, як яны ўмеюць гэта рабіць. Не толькі, калі яна выйграе, але і калі прайграе. Падтрымка «Нёману» будзе патрэбная, асабліва ў Лізе чэмпіёнаў. Група трапілася моцная. Менавіта таму заўзятары могуць дапамагчы сваёй камандзе — як шосты гулец.

— Вернемся ў міжсезонне, чаму ты ўсё ж вырашыў пакінуць «Нёман»?

— Гэтыя пытанні, напэўна, не да мяне, а да кіраўніцтва і галоўнага трэнера «Нёмана». Мне сказалі, што пад ліміт не трапляю. А я быў не супраць застацца ў Гродне. Прапаноўвалі мне ў Гродне працу ў структуры клуба, але я яшчэ хачу гуляць, таму адправіўся на пошукі новага клуба.

Вячаслаў Лісічкін: "У Гродне мая сям'я, тут заўсёды добра гуляць"